«1084»: фестываль-тэрапiя беларуска-ўкраінскай узаемнай раны
Што можна зрабіць з бясконцымі наездамі ўкраінцаў з-за не спыненых рукамі беларусаў «градаў»? А з затоенай крыўдай беларусаў на ўсё яшчэ туманную пазіцыю Кіева ў адрас рэжыма? Фестываль дакументальнага кіно «1084. На мяжы» прапануе артавы варыянт прымірэння і ўзаемнага прыняцця.
1084 кіламетры — працягласць агульнай мяжы калісьці суверэнных Беларусі і Украіны. 1084 кіламетры — гэта лінія на глыбокай ране двух народаў, якую нанеслі 24 лютага. Арганізатары фестывалю задумваюцца і падштурхоўваюць да думкі аб будучыні нашых стасункаў. «1084. На мяжы» — спроба бесстароннага (наколькі магчыма) абмеркавання сучаснасці, адносінаў простых людзей і чарговы знак падтрымкі беларусамі ўкраінскага народу ў барацьбе з агульным акупантам, а ўкраінцамі — беларусаў у барацьбе з дыктатурай і тэрорам.
Арганізуе фестываль праваабарончая грамадская арганізацыя «Звяно/Ланка» у партнёрстве з Takflix — першым і адзіным анлайн-кінатэатрам украінскага кіно.
Як, дзе, калі
«Фестываль складаецца з двух частак: украінскай, дзе жыхарам Украіны офлайн прапаноўваліся фільмы, звязаныя з Беларуссю, і беларускай — анлайн-паказы ўкраінскіх фільмаў пра культуру і гісторыю Украіны, пра гарады і іх жыхароў, якія перажылі акупацыю расейскіх захопнікаў», – кажуць арганізатары.
Кіно будзе даступна для беларусаў з 9 па 18 снежня на партнёрскай пляцоўцы takflix.com.
Усе фільмы — зоркі. У кожнай стужкі ёсць ці ўзнагарода, ці дыплом з якога-небудзь міжнароднага фестываля ў ЗША, Грэцыі, Канадзе, Украіне, Францыі, Нідэрландах і іншых краінах свету. Акрамя прагляду фільмаў, вас таксама чакаюць госці фестывалю і рэжысёры — будзе шанец падыскутаваць.
Для беларусаў у краіне таксама ёсць плюшка — бясплатны прагляд усіх фільмаў па промакодзе fest1084.
А вось гледачам за межамі Беларусі давядзецца купіць квіткі. Але ж яны зусім не дарагія: большая частка будзе каштаваць недзе каля $2,5. Дарэчы, 50% ад продажаў білетаў на Takflix ідуць рэжысёрам, частка з якіх цяпер абараняе сваю краіну на вайне. Квіток для прагляду дзейнічае 7 дзён.
Праграма — тут.
Усе кінастужкі даступныя 24/7
Іх можна глядзець на працягу ўсяго фестывалю ў любы зручны момант. Усе будзе на ўкраінскай ці рускай мове, але дзе-нідзе ў залежнасці ад фільму будуць даступныя ўкраінскія ці ангельскія субцітры.
Як глядзець кіно, калі вы ў Беларусі? Тлумачаць арганізатары
- Калі вы карыстаецеся VPN — адключыце яго на час прагляду фільму. Памятайце, бясплатная спасылка працуе толькі для геалакацыі ў Беларусі.
- У раздзеле «Беларусь: онлайн» абірайце фільм і націскайце кнопку «глядзець» або «глядзець з Беларусі». Вас перанакіруе на платформу анлайн-кінатэатра Takflix.
- Платформа прапануе зарэгістравацца праз email ці Facebook, альбо залагініцца, калі вы зарэгістраваліся загадзя.
- Пасля ўваходу карыстальнікам прапануюць купіць квіток, або ўвесці промакод. Уводзьце промакод фестывалю «fest1084» — і прыемнага прагляду!
Як глядзець кіно, калі вы не ў Беларусі
- У раздзеле «Беларусь: анлайн» абірайце фільм і націскайце кнопку «глядзець». Вас перанакіруе на платформу анлайн-кінатэатра Takflix.
- Пасля ўваходу карыстальнікам прапануюць купіць квіток, аплочвайце — і прыемнага прагляду!
Карысныя спасылкі
Фота: Радыё Ўнэт