8 верасня беларусы святкуюць Дзень беларускай вайсковай славы. Гэта свята, якое адзначаецца ў гонар перамогі і гістарычнага разгрому маскоўскіх агрэсараў у Аршанскай бітве 1514 году. З нагоды гадавіны перамогі беларускія дыяспары ладзяць акцыі па ўсім свеце. Распавядаем, дзе і калі адзначыць Дзень беларускай вайсковай славы.
Дзень беларускай вайсковай славы адзначаецца 8 верасня — у гонар бітвы пад Воршай 1514 года, адной з самых значных бітваў таго часу. 509 гадоў таму нашы продкі перамаглі ў гэтай бітве: войска Вялікага княства Літоўскага пад камандаваннем гетмана Канстанціна Астрожскага разбіла войска Маскоўскага княства, якое вяло наступ на беларускія тэрыторыі. Дзякуючы перамозе, ВКЛ удалося пераламаць ход вайны і спыніць стварэнне антыягелонскай кааліцыі ў Еўропе.
Святкаванне гэтай даты ў Беларусі адрадзілася ў 1990-ых гадах. Дзяржаўнага статусу свята не набыла, але неафіцыйна святкавалася даволі шырока. У пачатку 90-х у гэты дзень вайскоўцы прымалі ўрачыстую прысягу на вернасць Беларусі. У прыняцці прысягі прымалі ўдзел афіцэры ў адстаўцы і палітычныя дзеячы Беларускага Народнага Фронту. Побач стаялі Васіль Быкаў, Зянон Пазняк і Анатоль Грыцкевіч.
На гэтым тыдні да гадавіны перамогі ў Бітве пад Воршаю беларускія дыяспары ладзяць акцыі па ўсім свеце.
Дзень беларускай вайсковай славы: дзе і калі адзначыць?
Літва, Вільня
У гонар чарговай гадавіны Бітвы пад Оршай, Дня беларускай вайсковай славы ў Вільні, адбудзецца акцыя.
Дзе: Плошча Вінцэса Кудзіркі / Vinco Kudirkos aikštė
Калі: 10 верасня а 12:00
Польшча
Варшава, 9 верасня
У суботу, 9 верасня, у Варшаве да гадавіны Бітвы пад Оршай пройдзе беларуска-польска-ўкраінскі марш і канцэрт.
Расклад:
15:00 – Лекцыя-размова з гісторыкамі ў Музеі Вольнай Беларусі
16:45 – Збор ва ўнутраным дворыку Музея Вольнай Беларусі
17:00 – Марш ад Музея Вольнай Беларусі
18:00 – Канцэрт і мітынг на Пляцы Канстытуцыі (Plac Konstytucji 6).
У Музеі гісторыкі Віктар Якубаў і Алесь Смалянчук распавядуць аб найважнейшых падзеях у гісторыі нашай краіны – бітве пад Воршай і паўстанні Кастуся Каліноўскага.
Пасля лекцый – ва ўнутраным дворыку Музея – збор на беларуска-польска-украінскі марш і канцэрт, прысвечаныя Дню беларускай вайсковай славы.
На канцэрце вас чакаюць выступы такіх музыкаў як: Dzieciuki, ІЗЗІ, Lity Taler, Мateusz Nagórski.
Свята будзе дабрачынным у падтрымку і дапамогу беларускім добраахвотнікам ва Украіне.
Дзе: Музей Вольнай Беларусі, Foksal 11, Варшава
Калі: 9 верасня а 15:00 (час мясцовы).
Варшава, 10 верасня
У нядзелю на святкаванне гадавіны гістарычнага разгрому маскоўскіх агрэсараў пад Воршай запрашае Беларускі дом у Варшаве. Наведвальнікі свята дазнаюцца ўсе цікавосткі значнай гістарычнай падзеі і адпачнуць у коле сяброў і аднадумцаў.
У дворыку Беларускага Дома (ul. Kryniczna 6) вас чакае святочная імпрэза, якая будзе складацца з гістарычнай лекцыі Зянона Пазняка, з паэтычных чытанняў (Галіна Пазняк і Алег Лазоўскі), і выступаў музыкаў: Сяржук Доўгушаў, Алеся Сінчук і Зміцер Бартосік.
Пад час імпрэзы будзе працаваць кірмаш з таварамі з нацыянальнай сімволікай.
Рэгістрацыя – тут.
Дзе: Беларускі Дом у Варшаве (ul. Kryniczna 6)
Калі: 10 верасня а 15:30 (час мясцовы).
Польшча, іншыя гарады:
Беласток: 8 верасня, 17:30. Лакацыя: skwer Wolnej Białorusi 1, консулят РБ.
Лодзь: 8 верасня, 18:00. Лакацыя: Piotrkowska 155, пляцоўка паміж кафэ «Старбакс» і алеяй А.Міцкевіча.
Познань: 8 верасня, 18:00. Лакацыя: park Dąbrowskiego каля Старага Бровару.
Шчэцін: 10 верасня, 18:00. Лакацыя: каля Zegar Słoneczny на Aleja Kwiatowa.
Гданьск: 10 верасня, 13:00. Лакацыя: Фантан Нептуна.
Брусэль, Бельгія
Калі: 8 верасня а 15:00
Месца: Luxemburg plein, Brussel (каля Еўрапарламента)
Рыга, Латвія
Калі: 9 верасня а 14:00
Месца: каля Нацыянальнай Латвійскай бібліятэкі
ЗША, Вашынгтон
Калі: 10 верасня, 12.00 (час мясцовы).
Месца: Turner Farm in Great Falls, VA, 925 Springvale Rd