У сераду, 21 лютага, адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Мерапрыемствы, прысвечаныя Дню беларускай мовы, будуць праходзіць у розных кутках свету. Як адзначыць свята?

Агульнанацыянальная анлайн-дыктоўка

У Дзень роднай мовы, 21 лютага, у Музей Вольнай Беларусі, Народнае антыкрызіснае ўпраўленне і Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні запрашаюць беларусаў з усіх куткоў свету ўзяць удзел у агульнанацыянальнай анлайн-дыктоўцы.

Як адзначаюць арганізатары, сёлета дыктоўка прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, які лічыў, што лёс беларускай мовы неразрыўна звязаны з незалежнасцю нашай краіны: «Будзе незалежнай Беларусь — будзе ўсё. У тым ліку мова і культура».

Дыктоўку прачытае намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. З уступным словам таксама выступіць прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Кабінета Аліна Коўшык.

Агульнанацыянальная дыктоўка пройдзе 21 лютага 2024 г. на канале BELSAT LIFE.

Час трансляцыі: 19:00 па Мінску; 18:00 па Вільні; 17:00 па Варшаве.

Далучыцца да трансляцыі можна з любога кутка свету.

Поўны тэкст для праверкі можна будзе знайсці ў сацыяльных сетках Музея Вольнай Беларусі (Instagram и Facebook) адразу пасля заканчэння дыктоўкі.

Таксама арганізатары заклікаюць усіх дбаць пра сваю бяспеку падчас напісання дыктоўкі і карыстацца VPN.

Беларусь

Менск

Беларуская дыктоўка ў Менску

У сераду, 21 лютага, Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, ладзіць Беларускую дыктоўку да Дня роднай мовы.

Напісаць дыктоўку можна афлайн у Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Коласа НАН Беларусі.

А можна далучыцца да анлайн-трансляцыі на сайце «Культура» Беларускага радыё альбо на хвалі радыё 102.9 FM. 

«Моўныя гулі» — несур’ёзныя спаборніцтвы да Дня роднай мовы

У сераду, 21 лютага, у музеі Максіма Багдановіча ладзяць «Моўныя гулі» — несур’ёзныя спаборніцтвы да Дня роднай мовы.

Якім чынам самы малады класік нашай літаратуры засвоіў беларускую — застаецца таямніцай. Ці не забыліся на беларускую мову мы — таксама не зразумела.

Супрацоўнікі музея прапануюць разам пашукаць адказы на першае пытанне і зладзіць іспыт па другім.

Каламбуры, загадкі, рэбусы, анаграмы — якіх толькі забавак не прыдумлялі з выкарыстаннем слова.

Крыху ведаў, кемлівасці, ініцыятывы, удачы — і вы зможаце справіцца з нашымі дураслівымі, але вельмі сур’ёзнымі заданнямі.

Удзельнікаў чакаюць сувеніры ад музея Максіма Багдановіча і кнігі ад грамадскай ініцыятывы «БЕЛГІПС».

Брэст

У берасцейскай абласной бібліятэцы праходзіць Тыдзень роднай мовы.

Штодня тут цікавыя імпрэзы, якія дапамогуць вам паглыбіцца ў беларушчыну: ад літаратурнай гульні да квіза.

Праграма:

17 лютага аб 11.00 — віктарына «Сваімі словамі»

18 лютага аб 11.30 — літаратурная гульня «Я мову родную люблю»

19 лютага — інтэлектуальна гульня «Культурныя вандроўкі»; пазнавальная гадзіна «Традыцыі роду — традыцыі народу» (па папярэднім запісе)

20 лютага аб 11.30 — акцыя «Кніжнае канфеці»; квіз «Брэст: ад мінулага да сучаснасці» (па папярэднім запісе)

21 лютага — творчая сустрэча з пісьменнікам-земляком Анатолем Брытуном

Цягам тыдня адкрытая кніжная выстава «Дзіўная родная мова».

Месца: Абласная бібліятэка імя Горкага, вул. Куйбышава, 32, Брэст

Польшча

Варшава

У Беларускім Моладзевым Хабе ў Варшаве запланаваны цэлы шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных дню Роднай мовы. Праграма:

19 лютага 18:30 — Абмеркаванне беларускай мовы ў музыцы. Дыскусію правядзе Аляксандр Чарнуха з удзелам Navi Band

20 лютага 18:40 — Тэматычная гульня «Што? Дзе? Калі?» па-беларуску

21 лютага — Дзень Роднай мовы! — 18:30 — Паэтычны вечар з удзелам беларускіх літаратараў. Госці і артысты падзеляцца сваёй творчасцю, а іх выступы нагадаюць нам пра багацце і разнастайнасць нашай мовы: удзел бяруць Алесь Плотка, Васіль Янчанка, Віталь Рыжкоў, Алесь Дзянісаў, Atesta. Будзе таксама адкрыты мікрафон, дзе кожны ахвотны зможа падзяліцца сваімі думкамі, вершамі ці адчуваннямі на беларускай мове. 

22 лютага 18:30 — Wyspa — падлеткавы клуб, сустрэча прысвечана дню роднай мовы

23 лютага 19:30 — «Пазакласнае чытанне» з комікамі аб’яднання Pan Standup — разбор кніжкі!

Месца: Варшава, Dożynkowa, 6a

Дыктоўка і выступ Рамана Арлова

Прастора «Робім разам» пануе адсвяткаваць Дзень Роднай Мовы разам.

Плануецца пісаць агульнанацыянальную дыктоўку да Дня Роднай Мовы Мовы прысвечаную 100-годдзю нараджэння Васіля Быкава.

Таксама вас чакае інтэрактыўная гульня.

І выступ Рамана Арлова.

21 лютага, серада 19:00.

Месца: Варшава, pl.Konstytucji, 6

Беласток

Хаб «Новая Зямля» запрашае 21 лютага далучыцца да святкавання Дня роднай мовы.

Праграма:

Дыктоўка – тэкст Васіля Быкава, дыктуе Кацярына Ваданосава.

Квіз, адмыслова падрыхтаваны Падлеткавым Клубам.

Беларускія вершы ад дзетак і ўсіх жадаючых.

Кракаў

Тыдзень роднай мовы ў Кракаве

Рэгістрацыя на ўсе мерапрыемствы Тыдня па спасылцы.

Аўторак, 20 лютага. Канцэрт неймавернага Аляксандра Памідорава.

Серада, 21 лютага. Занятак па каліграфіі. У рамках яго ўдзельнікі будуць ствараць натхняльныя паштоўкі-азбукі на літары беларускай лацінкі з найпрыгажэйшымі словамі па-беларуску ў тэхніцы каліграфіі з ужываннем сухіх кветак.

Па выніках майстаркласа вы атрымаеце прыгожую паштоўку, якую зрабілі самі, і кнігу з лямантарам словаў па-беларуску. Бонусам вы атрымаеце аналагічную кнігу ў электронным выглядзе, якую можна будзе выкарыстаць для друку паштовак сваім блізкім.

Калі і дзе: 21.02, 18:30-20:30, Прастора (ul. Mikołajska 4/6). 

Удзел: 100 зл. У кошт уваходзяць усе неабходныя матэрыялы.

Увага: варкшоп шматмоўны, таму на яго можна запрасіць і іншаземцаў, якія размаўляюць па-ангельску!

Чацвер, 22 лютага. Паэтычны вечар

Праграма паэтычнага вечару:

Уступная тэарэтычная частка: «Як ствараць філасофію і літаратуру? Максім Багдановіч і Ігнат Абдзіраловіч».

Міні-лекцыя пра канцэпт стварэння філасофіі і літаратуры, пачынаючы ад «нашаніўца» Максіма Багдановіча ў літаратурным аспекце і працягваючы Ігнатам Абдзіраловічам у філасофска-сацыяльным.

Разважанні на тэму крызіса беларускай думкі і пошукаў шляхоў выйсця. 

Сам паэтычны вечар. Чытанне вершаў ад выступоўцаў.

Калі і дзе: 22.02, 19:00-21:00, Prawda Bar (ul. Koletek 2)

Субота, 24 лютага. Дзве дыктоўкі адначасова — па-беларуску і па-ўкраінску. Дыктоўка пачнецца а 11-й, а падчас перапынку на праверку прац вас чакае канцэрт ад Настассі Хмель і Андруся Такінданга, а таксама квіз на ўкраінскай мове ад «Посиденьки» і стэндап-коміка Іллі Вінніченко «PubQuiz для всіх — Україна».

Мерапрыемства адбудзецца 24 лютага — у дзень поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Сабраныя ахваряванні пойдуць на падтрымку Украіны ў яе барацьбе за незалежнасць і свабоду.

Калі і дзе адбудзецца дыктоўка: 24.02, 11:00, Instytut Filologii Słowiańskiej (ul. Romana Ingardena 3/105), залі 15 і 22 у галоўным холе.

Удзел: вольны данат ад 25 зл.

Рэгістрацыя на дыктоўку па спасылцы.

Таксама ў суботу адбудзецца майстарклас па кераміцы ад мастачкі Агаты са студыі ART Ў, а завяршыцца Тыдзень праглядам фільму «Купала» ў Прасторы.

Лодзь

У сераду, 21 лютага, беларусы Лодзі далучаюцца да Беларускай дыктоўкі ў Дзень роднай мовы.
Пісьмовыя прылады браць неабавязкова: іх і бланкі для напісання дыктоўкі можна будзе атрымаць на месцы. 

Уваход вольны. 

Дата: 21 лютага.

Час: 19.00 (час мясцовы).

Месца: Лодзь, Mediateka MeMo (зала Warsztatowa, паверх 2), ul. Moniuszki 5. 

Познань

Сёлета тэкст будзе прымеркаваны да 100-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава.  У Познані дыктоўку прачытае пісьменніца і преракладчыца Ганна Янкута, аўтарка рамана «Час пустазелля» і дзіцячых гісторый пра Ката Шпорта. 

Імпрэза працягнецца творчай сустрэчай з шаноўнай госцяй. 

Уваход вольны.

Дата: 21 лютага.

Час: 18.00 (час мясцовы).

Месца: Познань, Al. Niepodlеgłości, 4 (блок С, зала С1).

Вялікабрытанія, Лондан

Англа-беларускае таварыства сардэчна запрашае на традыцыйнае святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы ў Лондане — 24 лютага. Сёлетні Дзень роднай мовы прыпадае на другую гадавіну вайны ва Украіне і прысвячаецца гераічнаму змаганню ўкраінскага народа за свабоду і захаванне сваёй палітычнай і культурнай ідэнтычнасці.

Госцем будзе Андрэй Хадановіч, вядомы паэт і перакладнік. 

Уваход: па рэгістрацыі, бескаштоўны, але вітаюцца ахвяраваньні Англа-беларускаму таварыству.

Ранее

В колонии умер политзаключенный Игорь Ледник

Далее

Дожди и мокрый снег по всей стране: прогноз погоды

Читайте далее