«Трымаемся праўды, трымаемся разам!» – такі слоган у 3 траўня ў нашай рэальнасці. І сёння ён гучаў на дзвюх мовах – беларускай і літоўскай. Гэты дзень значыцца Сусветным днём свабоды прэсы, і сёння Беларуская асацыяцыя журналістаў і Саюз журналістаў Літвы разам правялі акцыю салідарнасці і брыфінг, каб нагадаць пра калегаў-палітвязняў у Беларусі і ва ўсім свеце.
Арганізатары акцыі нагадалі аб тым, што Беларусь застаецца самай небяспечнай краінай для журналістаў у Еўропе. Беларускія ўлады ўтрымліваюць за кратамі 35 прадстаўнікоў медыяў, і гэта толькі публічныя кейсы.
З моманту пратэстаў супраць сфальсіфікаваных выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прайшло амаль 4 гады, але рэжым усё яшчэ працягвае рэпрэсіі супраць журналістаў і блогераў.
«Агульны тэрмін прысудаў беларускім журналістам склаў амаль 100 гадоў пазбаўлення волі», – адзначаюць арганізатары.
Сёння БАЖ і СЖЛ разам заклікаюць сусветную супольнасць устаць на абарону журналістаў і далучыцца да марафону салідарнасці.
Журналісты і супрацоўнікі медыяў сабраліся на тэрыторыі Лукішскай турмы. Месца сімвалічнае, бо некалі яно было месцам рэпрэсій, але зараз стала культурнай прасторай. У кожнага чалавека на акцыі ў руках быў партрэт палітвязня-журналіста ці блогера. Натоўп накіраваўся да выхаду з турмы – знак таго, што ўсе рэпрэсаваныя будуць вольныя. Вольныя гэтак жа, як і Лукішская турма зараз, бо некалі свабода прыйшла сюды, зрабіўшы яе новым месцам, але пакінуўшы памяць аб мінулым.