21 траўня ў Вільні адбыўся канцэрт гурта «Лявон Вольскі» – альбому «Грамадазнаўства» споўнілася 10 гадоў. Дзіцячы слэм, шмат драйву, старыя і новыя песні, атмасфера рок-н-ролу і крутыя фотаздымкі. Глядзіце ў рэпартажы «Маланкі» з месца падзеяў.
Пачалі дзіўнавата — людзі асабліва не запальваліся. Кантынгент — беларусы за 30 і іх дзеці. Тых, хто быў гатовы адарвацца па поўнай, было бачна адразу. Яны занялі месцы каля сцэны і бесперапынна танчылі, скакалі і трэслі галовамі пад «Вольскага» амаль дзве гадзіны. Разам з імі бегалі дзеці — гулялі ў даганялкі і хованкі (вельмі зручна хавацца пад шторай каля сцэны).
Пасля пятай песні людзі пачалі растарможвацца – музыкі таксама. «Вольскі« — гэткі, як здаецца ў жывым выкананні, беларускі панк/рок-н-рол. Першымі гэта адчулі дзеці — яны пачалі бегаць па крузе, сціпла штурхаліся, пакуль нехта не заваліўся на падлогу. Ці наўрад яны ведалі аб тым, што іх слэм на канцэрце быў першым. Дарослыя зрабілі слэм толькі пасля малых. Нездарма ж гавораць, што ў дзяцей ёсць чаму павучыцца.
Калі разварушылі гледачы, стала відаць, што музыкі пачалі атрымліваць задавальненне ад выступу па поўнай. Другая частка праграмы была выбухнай — на сцэне і ў зале можна было назбіраць усе тыпы эмоцый па Станіслаўскаму. «Вольскі» граў песні ўперамешку, і атмасфера ўвесь час змянялася — накшталт «бадзёрая, актыўная, сумная, злая». Але гэта, паводле слоў вакаліста, быў план. І так сапраўды ўдавалася адчуць музыку лепш.
Напрыканцы выступу музыканты сталі яшчэ больш актыўнымі. А калі прыйшоў час развітвацца, слухачы не адпусцілі гурт без песень на біс.