Сяржук Доўгушаў у сваім Instagram апублікаваў відэа, у якім распавёў пра сумную сітуацыю вакол «Дома Творцаў». Апошні збор, якім Дом планаваў падтрымаць сваё існаванне, не сабраў патрэбнай сумы, і цяпер праект можа закрыцца. Грошай няма нават на арэнду.
«Цудаў не здарылася — наш збор не сабраў патрэбнай сумы. Мы змаглі аплаціць толькі адзін месяц арэнды», — кажа кіраўнік арт-рэзідэнцыі і выказвае падзяку тым, хто дапамагаў і працягвае дапамагаць.
Ён нагадаў, што цяпер працягваецца збор на платформе BYSOL, дзе можна падтрымаць Дом Творцаў.
Доўгушаў кажа, што праца «Дома Творцаў» спынілася з-за адсутнасці грошай, і сітуацыя «крытычная»:
«У нас засталося некалькі дзён, каб аплаціць арэнду на гэтым тыдні. Нам не хапае 6 тысяч злотых, і, шчыра кажучы, я не ведаю, што з гэтым рабіць, што казаць, куды пісаць. Мы звяртаемся да розных фондаў і арганізацый, але паўсюль адказ, што фінансавання няма, і яно пачнецца толькі ў наступным годзе, з студзеня 2025.»
Зараз у доме яшчэ жывуць людзі. Паводле Сяржука, там знаходзіцца 8 чалавек. Калі «Дом Творцаў» зачыніцца, у іх не будзе месца жыхарства ў Польшчы, бо ім няма куды ісці. Каманда «Дома Творцаў» працягвае пісаць заяўкі на дапамогу і не спыняецца ў сваіх справах.
Падтрымаць «Дом Творцаў» вы можаце тут.
Што такое «Дом Творцаў»?
Гэта месца для рэабілітацыі і аднаўлення сіл рэпрэсаваных беларусаў. Прастора дапамагае мастакам, музыкам, акторам і іншым творцам вяртацца ў прафесію, аднаўляць сваю дзейнасць у бяспечных умовах, абменьвацца досведам і папраўляць здароўе пасля перажытых траўмаў.
Гісторыя «Дома Творцаў» у Варшаве – гэта 8 культурных рэзідэнцый, праз якія прайшлі больш за 300 таленавітых творцаў з Беларусі. Гэта больш за 150 чалавек, для якіх Дом стаў часовым месцам пражывання.