«ПАЎНОЧНАЕ ЗЗЯННЕ — 2024»: ШТО БУДЗЕМ ГЛЯДЗЕЦЬ У ЛІСТАПАДЗЕ?
Беларускі хіт Мары Тамковіч, поўнаметражная версія нашумелага сатырычнага серыяла «Працэсы», анімацыйны трылер Юрыя Сямашкі і іншыя фільмы як добра вядомых рэжысёрак і рэжысёраў, так і менш слынных шырокаму гледачу, — з гэтага склаўся Беларускі конкурс X кінафестывалю «Паўночнае ззянне». З 4 па 21 лістапада ў глядачак і гледачоў будзе магчымасць убачыць 14 фільмаў Беларускага конкурсу і 2 стужкі пазаконкурснай секцыі «Міждысцыплінарнае мастацтва». Паказы адбудуцца анлайн і афлайн у Талінеdd і Вільнюсе, а таксама ўпершыню ў Варшаве.
Большасць стужак сёлетняй праграмы — малабюджэтныя карціны, але ўсе яны, — гэта вельмі сумленныя праекты з беларускім кодам, звернутыя да гледача. Яны з’яўляюцца свайго роду запрашэннем задумацца і падыскутаваць пра нашае нядаўняе мінулае, сучаснасць і будучыню.
«Працэсы», 2023, Польшча
Фільм удзельнічае ў Беларускім конкурсе
- 8, 14, 19 лістапада — online з 00:00 да 23:59
- 5 лістапада, 19:00 — Вільнюс, к/т Skalvija
- 20 лістапада, 17:45 — Талін, к/т Apollo Kino Coca-Cola Plaza hall 9
Рэжысёр Андрэй Кашперскі ператварыў папулярны сатырычны серыял «Працэсы», які ён стварыў сумесна з шоўранерам Міхаілам Зуем, у поўнаметражны фільм. Атрымалася смелая і дасціпная антыўтопія па-беларуску. У цэнтры сюжэту — кафкіянская калекцыя абсурдных анекдотаў пра грамадства, якое паступова трапляе пад уладу татальнага кантролю і прапаганды, дзе людзі ператвараюцца ў бяссэнсныя «шрубкі» сістэмы. Стужка адлюстроўвае пагрозлівыя працэсы: страх, рэпрэсіі, знішчэнне культуры і чалавечай годнасці, стварэнне вінаватых без віны. Гэта сатыра на рэчаіснасць, дзе лозунгі «Вайна — гэта Мір» і «Свабода — гэта Рабства» становяцца часткай паўсядзённага жыцця.
«Кроў і караоке», 2023, Польшча
Фільм удзельнічае ў Беларускім конкурсе
- 10, 16, 19 лістапада — online з 00:00 да 23:59
- 6 лістапада, 19:00 — Вільнюс, к/т Skalvija
«Кроў і караоке» — анімацыйная прытча ў абгортцы камедыйнага трылера ад рэжысёра Юрыя Сямашкі, таго самага, які забраў дадому найбольшую колькасць «цаглін», форму якіх мелі ўзнагароды прэміі беларускіх кінакрытыкаў «Чырвоны верас’24». У гэтай іранічнай крымінальнай анімацыі мы назіраем за баязлівым ахоўнікам супермаркета, які трапляе ў небяспечную сітуацыю. Сямашка спалучае гумар і абсурд, расказваючы гісторыю пра сілу кплівага лёсу.
«Беларусь 23.34», 2023, Бельгія, Украіна, Польшча, Беларусь
Фільм удзельнічае ў Беларускім конкурсе
- Закрыты паказ
Фільм-дакумент, які захоўвае памяць аб 2020 годзе ў Беларусі праз пераказ тых падзей непасрэднымі ўдзельнікамі беларускага пратэстнага руху. Рэжысёрка Таццяна Свірэпа бярэ інтэрв’ю ў 25 чалавек і суправаджае іх расказ архіўнымі відэа тых дзён, што дазваляе гледачу пагрузіцца і быццам самому прайсці ўсё кола гвалту: ад затрымання да вызвалення, — якое прыйшлося прайсці шматлікім беларускам і беларусам.
«Краіна Оз», 2024, Беларусь
Фільм удзельнічае ў Беларускім конкурсе
- 6, 12, 18 лістапада — online з 00:00 да 23:59
Фільм пра творчасць у псіханеўралагічным інтэрнаце. Пра самабытнае мастацтва і асаблівых людзей. Пра каханне і вечнасць. Пра тое самае ментальнае «плато», дзе ўсе мы адзіныя і непераможныя.
«Чамадан», 2024, Польшча
Фільм удзельнічае ў Беларускім конкурсе
- 9, 13, 18 лістапада — online з 00:00 да 23:59
- 6 лістапада, 19:00 — Вільнюс, к/т Skalvija
Кароткаметражная стужка Дашы Брыян пра цяжар вымушаных рашэнняў, што прымаюць маладыя людзі ў час войнаў і рэпрэсій. Праз побытавыя дэталі фільм паказвае псіхалагічныя наступствы, якія даганяюць бежанцаў на чужыне, калі яны пакідаюць сваю радзіму, не маючы часу на падрыхтоўку і развагі. Фільм раскрывае, што адбываецца ў душы чалавека, які вымушаны развітацца з домам, сутыкнуўшыся з невядомасцю і цяжкім выбарам наконт свайго будучага.
«Кут чужога шчасця», 2024, Германія
Фільм удзельнічае ў Беларускім конкурсе
- 7, 15, 20 лістапада — online з 00:00 да 23:59
- 6 лістапада, 19:00 — Вільнюс, к/т Skalvija
Псіхалагічная драма, у якой Соня Харытанюк адлюстроўвае актуальную тэму дамашняга аб’юзу ў беларускіх рэаліях. Па сюжэце: дабрадзейная дзяўчына з артадаксальнай сям’і падвяргаецца сэксуальнаму гвалту.
«Выбар», 2023, Польшча
Фільм удзельнічае ў Беларускім конкурсе
- 9, 13, 19 лістапада — online з 00:00 да 23:59
Заснавана на рэальных падзеях: што мы адчуваем, калі ідзём на праўладныя выбары. Выбар… Ці ёсць ён… А калі ёсць, што з ім рабіць? Аб гэтым разважае Валерый Навічкоў у кароткаметражнай карціне, якая займае часу не больш, чым многія выбары ў нашым жыцці: тры хвіліны.
«Раб танца», 2024, Беларусь
Фільм удзельнічае ў Беларускім конкурсе
- 5, 17, 20 лістапада — online з 00:00 да 23:59
Сюррэалістычны цік-токерскі скетч у стылістыцы 80-х пра мары i «жорсткія» рэаліі марнатраўцаў жыцця. Філіп усёй сваёй натурай намагаецца супрацьстаяць пустэчы дзён з дапамогай танца, рамантычнага погляду на свет і новай шчырасці. Што гэта: бесклапотная камедыя ці сатыра на будзённасць?
«Пад шэрым небам», 2024, Беларусь
Фільм удзельнічае ў Беларускім конкурсе
- 9 лістапада, 19:00 — Варшава, к/т Kinoteka
Квіткі на паказ ужо даступныя.
Натхнёны сапраўднымі падзеямі, першы поўнаметражны фільм рэжысёркі Мары Тамковіч распавядае гісторыю журналісткі Лены, якую арыштоўваюць за асвятленне пратэстаў 2020 года. «Пад шэрым небам» — эмацыйная драма пра выбар паміж свабодай і бяспекай у рэаліях палітычнага тэрору ў Беларусі. Міжнародная прэм’ера карціны адбылася на Нью-Йоркскім кінафестывалі Tribeca, акрамя гэтага стужка атрымала ўзнагароду за найлепшы дэбют на найбуйнейшым польскім кінафестывалі ігравых фільмаў у Гдыні.
«Непажаданае сваяцтва», 2024, Германія
- 6 лістапада, 19:00 — Вільнюс, к/т Skalvija
- 20 лістапада, 17:45 — Талін, к/т Apollo Kino Coca-Cola Plaza hall 9
Выкарыстоўваючы вуліцы свайго берлінскага раёна ў якасці фону, рэжысёр, які нарадзіўся ў Беларусі, даследуе сістэматычны характар ваенных злачынстваў ва Украіне і даследуе ўласную адказнасць за гэтую вайну.
«За мяжой рэальнасці», 2024, Беларусь, Расія, Польшча, Украіна
Фільм удзельнічае ў Беларускім конкурсе
- 10, 16, 18 лістапада — online з 00:00 да 23:59
«Паралельны» фільм жахаў аб паралельным свеце гарадской ускраіны. Неахайны мужчына гадоў 45 знаходзіць у сваёй паштовай скрыні дзіўны канверт. У ім — аўдыякасета, а на запісе — голас яго сына, які расказвае сваю нялёгкую гісторыю жыцця ў праклятым мікрараёне «Валынка».
«Барбі.ру», 2024, Беларусь
Фільм удзельнічае ў Беларускім конкурсе
- 10, 16, 18 лістапада — online з 00:00 да 23:59
Саркастычная алюзія на папулярны блокбастар Грэты Гервіг, якая прапануе незалежны беларускі погляд на «рускі свет» і яго рэаліі. Фільм даследуе, што адбываецца, калі лялька Барбі сутыкаецца з жорсткай рэчаіснасцю: макіяж змываецца, на тварах з’яўляюцца сінякі, а пластык не вытрымлівае ціску сапраўднага жыцця. Ці трэба, каб выжыць у гэтым свеце, ператварыцца ў нешта мацнейшае і абляпіцца шыпамі для абароны?!
«Скрозь святло», 2023, Польшча
Фільм удзельнічае ў Беларускім конкурсе
- 7, 15, 20 лістапада — online з 00:00 да 23:59
- 6 лістапада, 19:00 — Вільнюс, к/т Skalvija
Ігравая стужка Вікторыі Ягоравай расказвае гісторыю беларускай эмігранткі Наталлі, якая з’ехала ў Польшчу, ратуючыся ад пераследу за ўдзел у пратэстах, а на новым месцы стала ахвярай сэксуальнага дамагання. «Скрозь святло» — меладрама са шчаслівым канцом, у якой тэма нацыянальнай траўмы суседнічае з актуальным еўрапейскім трэндам барацьбы жанчын за свае правы.
«Шэры край», 2023, Польшча
Фільм удзельнічае ў Беларускім конкурсе
- 9, 13, 18 лістапада — online з 00:00 да 23:59
Рытм колаў і знаёмыя радкі пра родны кут ператвараюцца ў медытацыйнае падарожжа, напоўненае сімваламі і вобразамі. Станіслаў Багдзя ў сваёй эксперыментальнай кароткаметражнай карціне задаецца пытаннем: ці можна змяніць напрамак у гэтым падарожжы, ці магчыма вярнуцца назад, у той «шэры край», які існуе толькі ў памяці і душы.
«Транзіт», 2023, Беларусь
Фільм у пазаконкурснай секцыі «Міждысцыплінарнае мастацтва»
- 11, 19 лістапада — online з 00:00 да 23:59
Эксперыментальны праект, у якім мастак і акцыяніст Аляксей Кузьміч расказвае сваю гісторыю. Яна пра затрыманне і збіццё, уцёкі з ізалятара на Акрэсціна, вымушаную эміграцыю, чарговыя ўцёкі — ужо да прарастання на новых месцах у Еўропе. Нарэшце, пра шлях да кропкі, з якой усё пачалося: Няміга, Беларусь, 9 жніўня 2020. Карціна «Транзіт» дапамагае зразумець творчасць акцыяніста і разабрацца, дык што ж хацеў сказаць аўтар?
Хто будзе ацэньваць фільмы?
Беларускія фільмы будзе ацэньваць міжнароднае журы, у склад якога ўвайшлі эстонская кінапрадзюсарка Марэянэ Острат, кінапрадзюсарка і дырэктарка кінафестывалю goEast Гэлеэн Хэрытсэн, беларуская рэжысёрка і журналістка Ганна Бадзяка.
Кінафестываль «Паўночнае ззянне» імкнецца быць пляцоўкай і трыбунай для галасоў беларускіх рэжысёрак і рэжысёраў. Але фестывалю патрэбна ваша падтрымка! Зрабіце свой унёсак, каб «Ззянне» і далей было месцам для размоў на важныя тэмы і аб’ядноўвала тых, хто верыць у моц незалежнага кіно.
Сачыць за навінамі фэсту можаце ў сацыяльных сетках праекта FB, Instagram, Telegram.
Дадатковая інфармацыя пра фестываль
Арганізатар: кінакампанія Volia Films, Northern Lights Institute.
Пры фінансавай падтрымцы: Амбасады Нарвегіі ў Літве, Дацкага інстытута культуры ў Літве, Латвіі і Эстоніі, Creative Europe MEDIA DESK, Nordic Media Grants Belarus, Belarus Beehive і Еўрапейскага саюза.
Пры падтрымцы: PÖFF — Tallinn Black Nights Film Festival, Дацкага інстытута Кіно, Эстонскага Інстытута Кіно, Ісландскага Цэнтра Кіно, Нацыянальнага Кінацэнтра Латвіі, Літоўскага Цэнтра Кіно, Фінскага Фонду Кіно, Нарвежскага Інстытута Кіно, тэлеканала «Настоящее время», Шведскага Інстытута Кіно, German Films, Skalvija, CPH:DOX, Docudays UA, Беларускай незалежнай кінаакадэміі.
Генеральны інфармацыйны партнёр: Люстэрка.
Інфармацыйныя партнёры: KYKY, Будзьма беларусамі, Наша Ніва, cineuropa.org.