Беларусы, украінцы і літоўцы ў Вільні зрабілі перформанс у падтрымку iранскіх жанчын. Людзі выйшлі на праспект Гедыміна і адрэзалі сабе пасмы ў знак салідарнасці, а далучыцца да акцыі мог кожны ахвочы.
Новая хваля пратэсту ў Іране пачалася пасля смерці 22-гадовай Махсы Аміні, якая памерла 16 верасня ў шпіталі Тэгерана. Туды яна патрапіла пасля затрымання «паліцыяй нраваў» за няправільнае нашэнне хіджабу.
Па адной з версій, дзяўчыну пабіли і нанеслі несумяшчальныя з жыццём траўмы. Па іншай версіі, Махса не атрымала своечасовай меддапамогі пасля таго, як на фоне затрымання ў яе абвастрыліся прыроджаныя захворванні.
Арганізатарамі перформанса «Сімвал пасмы» з’яўляюцца фатограф і журналіст Антон Туркоў, былы палітвязень Аляксей Еўтушык і рэжысёрка Ксенія Гайдук. Яны лічуць, што падтрымліваць трэба не толькі землякоў, але і людзей з іншых краін, якія трапілі ў бяду.
«Ва ўладаў Ірана не атрымалася замаўчаць гэтую гісторыю. І зараз самы час падтрымаць людзей, якія маюць у гэтым патрэбу. У якой бы сітуацыі нi знаходзіліся мы самі, мы павінны казаць, калі можам казаць. І мы будзем казаць.
Дзеля гэтага беларусы, украінцы і літоўцы правялі перфоманс на праспекце Гедыміна ў Вільні, дзе кожны мог падтрымаць іранскіх дзяўчат і паказаць ім, што нашыя народы з імі», — напісалі аўтары.
Як гэта адбывалася, глядзіце ў відэа.