Для тых, каму нічога не гаворыць слова «Курапаты»: у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году карнікі НКВД расстралялі больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты. І беларусы штогод ладзяць акцыі памяці.
Што адбылося ў 1937-м
У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Менску, у сутарэннях менскай унутранай турмы НКВД (сумна вядомая «амерыканка»), карнікі НКВД расстралялі больш за 100 маладых беларускіх культурных дзеячаў і навукоўцаў. Меркавана, іх пахавалі ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам.
Старэйшаму з забітых, празаіку і публіцысту Янку Нёманскаму, было 47 год.
Ноч расстраляных паэтаў — трагічная кропка хвалі маштабных рэпрэсій супраць беларускай інтэлігенцыі. Амаль дзесяць гадоў рэжым знішчаў нацыянальна арыентаваных творцаў, выкладчыкаў, службоўцаў, навукоўцаў. Рэпрэсіі закранулі мінімум 500 выбітных дзеячаў беларускай культуры. З 1929 па 1938 у іх было тры шляхі: міграцыя, ГУЛАГ ці расстрэл.
Чаму столькі расстрэлаў за адну ноч? Ды проста набліжалася 20-я гадавіна Кастрычніцкай рэвалюцыі, і кожны вінцік сістэмы перавыконваў план, каб атрымаць чарговае званне, медаль, ордэн ці прэмію да свята.
Толькі ў канцы 80-х, калі гісторыкі прыадчынілі архівы органаў дзяржбяспекі, грамадства даведалася аб рэальным размаху вялікага тэрору 1937-1938 гадоў.
Пяцёх членаў аб’яднання «Полымя» з гэтага фота расстралялі: Міхася Зарэцкага (1), Анатоля Вольнага (2), Алеся Дудара (3), Міхася Чарота (4) і Васіля Сташэўскага (5). Роўна за месяц да крывавай ночы забілі Уладзіслава Галубка (6), у 1937-м такі ж самы прысуд выканалі і ў дачыненні Алеся Ляжневіча (7), а Цішка Гартны (8) скончыў жыццё самагубствам у псіхлячэбніцы. Па справе міфічнага Саюза вызвалення Беларусі ў пачатку 1930-х выслалі з краіны Міхаiла Грамыку (9) і Алеся Гурло (10), пакаянныя лісты пісалі Якуб Колас (11) і Янка Купала (12).
Вось кнігі і рэсурсы, дзе можна знайсці звесткі пра расстраляных паэтаў (крыніца: nochpaetau.com)
- Праект (Не)расстраляныя партала Tuzinfm.by. Самы поўны рэсурс па тэме. Тут акумуляваныя біяграфічныя матэрыялы, спасылкі на вершы — трэба толькі націснуць іконкі пад партрэтамі, гэта гіперспасылкі. Таксама на сайце музычны альбом на вершы расстраляных паэтаў, створаны беларускімі музыкамі. Там жа на асобнай ўкладцы — лекцыі па кожным з паэтаў.
- Віртуальны праект Нацыянальнай бібліятэкі, прысвечаны аб’яднанню «Маладняк»: вялікая колькасць музейных і бібліятэчных рэдкасцяў, біяграфіі, зборнікі, фота (шмат).
- Купалаўская варта, ёмісты і маштабны праект ад «Купалаўцаў» з вершамі і расповедамі пра паэтаў.
- «Вечныя вершы» ад «Арт Сядзібы», невялікі ролік, з чытаннем Дудара, Кляшторнага і Піваварава.
- Выбраныя творы Алеся Дудара (уся кніга анлайн).
- Чатыры лекцыі Ганны Севярынец пра час, вершы і людзей. «Непаслухмяныя дзеці Кастрычніка»: палітыка, паэтыка, этыка і эстэтыка «Маладняка».
- «Уладзімір Дубоўка. Ён і пра яго», уся кніга ў вольным доступе, гэта каму трэба пра эпоху і людзей глыбей.
- Артыкул «Вікіпедыі» з інфармацыяй па ночы 29 кастрычніка 1937 года.
- Курс «(Не)расстраляная паэзія». Уваскрэсіць з нябыту імёны беларускіх літаратараў — галоўная ідэя праекта.
- Медіа-проєкт пам’яті розстріляних поетів від Free Belarus Center.
- «Жывыя партрэты» паэтаў 20-х.
- «Зніклая паэзія», дакументальны фільм рэжысёра Іллі Бажко.
- «Таленты, якіх знішчыў Сталін»: выпуск аўтарскай праграмы Андрэя Хадановіча.
- Пераклады вершаў Юлія Таўбіна на мовы свету.
Што зараз
Штогод 29 і 30 кастрычніка праходзяць вечары памяці паэтаў, мастакоў, выдаўцоў, вучоных, выкладчыкаў, рабочых, сялян, гараджан і вяскоўцаў. Сам факт правядзення такіх вечарын — не толькі знак пашаны да папярэднікаў, знішчаных уладамі, але і знак надзеі.
У апошнія гады традыцыйна ладзілі акцыю памяці «Ноч расстраляных паэтаў» ва ўрочышчы Курапаты ў Менску.
Але гісторыя паўтараецца, і з 2021-га з-за рэпрэсій правесцi «Ноч паэтаў» у Беларусі немагчыма.
А яшчэ зараз ля Курапатаў будуюць новы жылы комплекс. Ужо завяршылі мантаж каробкі першага дому на 78 кватэр жылога комплексу «Сонечны», пачалі будаўніцтва другога і падрыхтавалі пляцоўку пад трэці, паведамляе «Свабода».
2022
Тым не менш ужо з’явіліся анонсы акцый ушанавання за мяжой.
Імпрэза-ўшанаванне памяці беларускіх літаратараў у Вільні адбудзецца 29 кастрычніка з 17:00 да 19:00 каля Музея акупацыі і барацьбы за свабоду (Aukų g. 2A).
У імпрэзе вазьмуць удзел музыкі Анастасія Шпакоўская, Аляксандар Памідораў, Юры Несцярэнка, Ганна Валынец, гурт «Беларускі цуд», паэткі Сабіна Брыло, Ванда Марцінш, Дар’я Роскач, старшыня Саюзу літоўскіх пісьменнікаў Біруце Янушкайце і іншыя госці.
Дарэчы, для тых, хто захоча дэкламаваць вершы, будзе вольны мікрафон.
Даведацца, што будзе адбывацца ў Польшы і Чэхіі — тут.
Крыніцы: svaboda.org; nochpaetau.
Фота 34mag.net