Паглядзіце, хто стаў лаўрэатам прэміі Гедройца
Перад цырымоніяй многія беларусы меркавалі, што сярод лаўрэатаў будуць Уладзімір Някляеў і Ганна Севярынец. Але ў тройку ўвайшлі зусім другія аўтары. Глядзіце, хто заняў першыя месцы.
Першае месца
Сяргей Абламейка і яго кніга «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення. Кніга першая» (Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода, 2021).
Гэта першае навуковае даследаванне пра час і прычыны разбурэння Старога гораду з рознымі загадкамі і героямі/антыгероямі.
«За ўваскрашэнне genius loci і расшыфроўку іерогліфаў на стэле беларускай сталіцы».
Другое месца
Вольга Гапеева з кнігай «Самота, што жыла ў пакоі насупраць» (Мінск, «Галіяфы», 2021).
Персанажы рамана спрабуюць зразумець, ці звязана схільнасць да меланхоліі са здольнасцю адчуваць прыгажосць і эмпатыю. І як увогуле можа адбывацца так, што ў адных людзей ёсць адчуванне разумення і прыняцця асяроддзя, а ў другіх няма?
«За чароўнае запрашэнне чытача ў свет чалавечай годнасці, пералівістых думак і абертонаў».
Трэцяе месца
Валерыя Гапеева і кніга «Жэнька, каралева мышак» Валерыя Гапеева (Мінск, «Кнігазбор», 2021).
Што такое сапраўднае сяброўства, як бараніць сваіх блізкіх, як гуляць так, каб цікава было ўсім, як прызнаваць памылкі, як паказваць эмоцыі? Такімі пытаннямі задаецца галоўная гераіня кнігі Жэнька.
«За стварэнне дзіцячага свету, поўнага дарослай мудрасці».
Нагадаем, што літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца была заснавана 28 снежня 2011 года. Лаўрэаты гэтай прэміі з’яўляюцца аўтары лепшых кніг на беларускай мове ў жанрах «мастацкая проза» і «эсэістыка».