«З самага дзяцінства ў маю галаву удаўблівалі ўпэўненасць у тым, што Канстытуцыя — самы галоўны закон усяго майго жыцця. Мяне пераконвалі ў тым, што гэта падмурак усяго існавання з правамі, якія ніхто і ніколі не зможа ў мяне адабраць. Але тады мне было гадоў 10, а зараз 21. Для мяне рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца тры гады. Людзі, якія выбудоўвалі ў маёй галаве вобраз непарушнасці Канстытуцыі, падманулі мяне. Яны заўсёды ведалі, што чырвона-зялёная кніжка — эфемерная. Ткніце пальцам у любую сферу грамадскага і культурнага жыцця і будзьце ўпэўненыя, што патрапіце на руіны аднаго з артыкулаў «галоўнага закона краіны». Давайце ткнем разам. Досыць узяць першага на шляху чалавека — і сардэчна запрашаем на руіны таго, што калісьці звалася «правам»». Глядзіце фотапраект Антона Туркова «Руіны правоў» на Маланка.Медыя.
Журналісты
«Рэпарцёры без межаў» назвалі Беларусь самай небяспечнай для журналістаў еўрапейскай краінай з-за палітычных пераследаў і рэпрэсій. У Беларусі журналістаў затрымліваюць, падвяргаюць гвалту, штрафуюць, адпраўляюць за краты, а ў іх дамах і рэдакцыях праводзяць ператрусы.
Практычна ўсе незалежныя СМІ ў Беларусі прызнаныя «экстрэмісцкімі». Як мінімум чацвёра журналістаў распавялі Human Rights Watch, што падчас або пасля затрымання яны падвяргаліся недазваляльнаму абыходжанню: жорсткім пабоям, адмове ў медыцынскай дапамозе і нездавальняючым ўмовам ўтрымання. Тэхнічнае абсталяванне некаторых прадстаўнікоў медыя ўвогуле было знішчана.
Вядома як мінімум тры выпадкі, калі затрыманым журналістам пагражалі пазбаўленнем бацькоўскіх правоў, пасля чаго яны разам з сем’ямі зʼехалі з краіны. Журналістку Наталлю Лубнеўскую падчас пратэстаў у Мінску паранілі гумавай куляй, адмовілі ва ўзбуджэнні крымінальнай справы і запатрабавалі спагнаць грошы за бальнічны.
Пісьменнікі
Кнігі беларускіх пісьменнікаў у Беларусі прызнаюць «экстрэмісцкімі» і забараняюць. Напрыклад, кнігі лаўрэата Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч забралі са школьнай праграмы і бібліятэк. Журналістцы тэлеканала «Белсат» Кацярыне Андрэевай, паводле непацверджаных звестак, працягнулі тэрмін зняволення з-за яе кнігі «Беларускі Данбас». У 2020 годзе больш за 1000 пісьменнікаў, мастакоў, акцёраў, выкладчыкаў, рэжысёраў, пісьменнікаў і іншых дзеячаў культуры падпісалі адкрыты ліст з патрабаваннем перагледзець вынікі прэзідэнцкіх выбараў, спыніць гвалт, адмяніць «чорныя спісы» і спыніць ціск на дзеячаў культуры, нязгодных з палітыкай уладаў. Цяпер многія з іх знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі з прычыны палітычных рэпрэсій.
Студэнты
У Беларусі 39 студэнтаў прызнаныя палітвязнямі, у той жа час сотні маладых людзей прайшлі праз адміністрацыйныя арышты і сутыкнуліся з крымінальным пераследам.
З 2020 года сілавікі затрымалі каля 500 студэнтаў, на 52 з якіх завялі крымінальныя справы. Больш за палову з ліку затрыманых былі адлічаны па палітычных матывах, па той жа прычыне не менш за 150 выкладчыкаў страцілі працу.
Мабыць, самым вядомым кейсам зʼяўляецца «справа студэнтаў», фігурантамі якой сталі 12 чалавек. 11 з іх прыгаварылі да двух з паловай гадоў калоніі агульнага рэжыму, яшчэ адзін чалавек, які прызнаў сваю віну, атрымаў два гады калоніі. Іх затрымалі пасля ўсеагульнай забастоўкі 26 кастрычніка. Пасля гэтага ў студэнтаў пяці менскіх ВНУ, выкладчыцы і выпускніцы медуніверсітэта прайшлі ператрусы, а крымінальная справа складаецца з 36 тамоў.
Да Кацярыны Віннікавай, якая была амаль выпускніцай юрфака БДУ, «прыйшлі» з-за таго, што на ўручэнні дыплома яна падзякавала сваім выкладчыкам, у тым ліку палітвязню адвакату Максіму Знаку. Пасля гэтага яна правяла на Акрэсціна 15 дзён.
Данута Пярэдняя, 20-гадовая студэнтка МДУ імя Куляшова была затрымана сілавікамі за тое, што перапосціла ў адзін з магілёўскіх чатаў тэкст, у якім у рэзкай форме крытыкаваліся дзеянні Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі па развязванні вайны ва Украіне. Таксама там утрымліваўся заклік да вулічных выступаў. За гэта яе асудзілі на шэсць год.
Праграмісты
Чатырох супрацоўнікаў менскага офіса PandaDoc абвінавацілі ў тым, што яны нібыта «завалодалі грашовымі сродкамі ў памеры каля 107 000 беларускіх рублёў» з бюджэту, прычыніўшы шкоду дзяржаве. Ім прадугледжана пазбаўленне волі на тэрмін ад 5 да 12 год. PandaDoc заяўляе, што абвінавачанне не мае пад сабой ніякіх падстаў. Затое ёсць усе падставы меркаваць, што такім чынам улады адрэагавалі на ініцыятыву заснавальніка PandaDoc Мікіты Мікада па зборы грошай для сілавікоў, якія вырашылі змяніць прафесію.
Калі супрацоўнікі КДБ прыйшлі да 31-гадовага супрацоўніка кампаніі EPAM Андрэя Зэльцэра, яму ўзламалі дзверы. Пасля гэтага здарылася перастрэлка, у выніку чаго Андрэй забіў аднаго з агентаў, пасля чаго сам быў застрэлены сілавікамі.
Цяпер праграмістаў выклікаюць у КДБ за данаты ў розныя фонды салідарнасці з пацярпелымі ад рэпрэсій (а таксама за данаты ў фонды, якія фінансава дапамагаюць украінскаму войску). Больш за тое, зараз за гэта пачалі даваць нешта накшталт штрафаў (трэба заданатаваць у дзяржструктуру). Яны ў 10 разоў больш, чым першапачатковая сума данатаў.
Блогеры
Адным з першых затрыманых блогераў стаў Сяргей Ціханоўскі, аўтар ютуб-канала «Краіна для жыцця». Пазней за кратамі аказаліся Сяргей Пятрухін, Аляксандр Кабанаў, Уладзімір Няронскі і іншыя блогеры.
Многія вядучыя тэле- і ютуб-перадач былі вымушаныя зʼехаць з Беларусі з-за палітычных рэпрэсій і пагрозаў з боку рэжыму. Сярод іх Мікіта Бялевіч, Ліза Ветрава, Кацярына Ваданосава, Данііл Касенка і іншыя.
Мастакі
Праз хвалю пратэстнага мастацтва пачаліся рэпрэсіі супраць аўтараў, якія выказвалі сваю грамадзянскую пазіцыю. Практычна ўсе прадстаўнікі сучаснага мастацтва Беларусі знаходзяцца ў эміграцыі – гэта Цёмра, Насця Рыдлеўская, Таша Кацуба, Аляксандр Адамаў, Раман Камінскі, Вольга Якубоўская і іншыя.
У турме знаходзіцца беларускі жывапісец-нонканфарміст, тэатральны мастак і перформер Алесь Пушкін. Ён прымаў актыўны ўдзел у руху нацыянальнага адраджэння і стаяў ля вытокаў узнікнення моладзевых гісторыка-культурных арганізацый, якія займаюцца рэстаўрацыяй помнікаў, асветніцкай дзейнасцю, якая тычыцца адраджэння беларускай мовы і нацыянальнай сімволікі. 26 сакавіка 2021 года Генпракуратура РБ узбудзіла супраць яго крымінальную справу за тое, што ён паказаў партрэт дзеяча антысавецкага падполля Яўгена Жыхара на выставе ў гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця. 30 сакавіка Алесь Пушкін быў арыштаваны, а 6 красавіка 2021 года – прызнаны палітвязнем.
Грым: Вікторыя Смуглая
Фота: Антон Туркоў