Беларускі Пікнік у Кракаве — гэта вялікі сямейны фестываль беларускай культуры, поўны розных актыўнасцяў. Фестывалю спаўняецца чатыры гады, ён ужо стаў добрай летняй традыцыяй кракаўскай дыяспары. У гэтым годзе ён займеў афіцыйную назву — Letucień.

Летась на беларускі пікнік прыйшлі каля трох тысяч чалавек, каб патанчыць пад беларускіх выканаўцаў, паслухаць лекцыі, наведаць разнастайныя майстар-класы і раздзяліць асалоду ад летняга дня ў прыемнай кампаніі са сваімі сябрамі.

Арганізацыяй мерапрыемства займаецца больш за 40 арганізатараў, мы паразмаўлялі з Касяй Іофе — адной з трох галоўных арганізатарак, якія каардынуюць агульную працу.

У гэтым годзе беларускаму пікніку спаўняецца чатыры гады, першы пікнік не быў маштабны: беларусы проста вырашылі, што будзе класна пазнаёміцца, паразмаўляць паміж сабой і распавесці хто як апынуўся ў Кракаве, распавядае Кася. Ужо ў 2021 годзе фестываль наведала каля тысячы чалавек. У першаю чаргу пікнік — прастора для розных людзей, ня толькі беларусаў, але ў гэтай прасторы падтрымліваецца і развіваецца беларуская культура, наладжваюцца камунікацыі і дасягаецца адначасова некалькі мэтаў, распавядае арганізатарка.

«Па-першае, гэта інтэграцыя беларусаў з украінцамі, палякамі і з усімі іншаземцамі, якія могуць таксама пабываць на пікніку, даведацца, хто такія беларусы, чаму яны тут, чым яны займаюцца і чым жывуць. І важна, каб гэта было не з боку прапаганды, а з першых вуснаў — ад жывых людзей, якія займаюцца рознымі ініцыятывамі: праваабарончымі, дапамагаюць дзецям, працуюць з людзьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, робяць фільмы, пішуць кнігі і г.д. Вось яны сапраўдныя і жывыя, іх можна пабачыць і запытацца: чаму вы тут і што вы робіце», – паясняе суразмоўца.  

У мiнулым годзе да арганізатараў падыходзілі людзі з Украіны і звычайныя жыхары Кракава, якія гаварылі, што ім не хапае такіх адкрытых мерапрыемстваў, на якіх яны могуць даведацца пра беларусаў, распавядае Кася.

«Яны пыталіся: “Чаму пра сябе не распавядаеце? Не крычыце?” Казалі, што пра беларусаў так мала чуваць і яны нічога не ведаюць пра нас, а вось цяпер пабачылі, даведаліся, і кажуць: ”вы зусім іншыя, чым мы сабе ўяўлялі”. Для мяне асабіста гэта дае ідэю, што гэта рабіць трэба, рабіць важна і трэба рабіць якасна і дасяжна для ўсіх», – распавядае Кася.

Таму ўваход на пікнік вольны, але кожны жадаючы можа заданаціць лектарам ці выкладоўцам, ці падтрымаць пікнік праз збор. Арганізатары Пікніка і каардынатары пляцовак — усе цалкам валанцёры і сабе не бяруць ніякага ўзнагароджвання са збораў, а на пляцоўцы Салідарнасці можна пакінуць ахвяраванні на Полк Каліноўскага ці дапамогу сем’ям палітвязняў. А падтрымаць збор на арганізацыю пікніка можна тут.

Агульная мэта пікніка ў гэтым годзе — развеяць міф, што Беларусь — гэта толькі тэрыторыя, з якой ляцяць бомбы. Удзельнікі распавядуць: як Беларусь пратэставала ў 2020 годзе і як падтрымлівае Украіну цяпер, колкі чалавек загінула і колькі сядзіць у турмах. На пікніку плануецца 11 тэматычных пляцовак, падрабязнасці тут.

На сённяшні дзень беларуская рэчаіснасць адначасова сумная і натхняльная. З аднаго баку ў нас няма магчымасці праводзіць такія мерапрыемствы ў сваёй краіне, але пры гэтым па-за яе межамі беларускае культурнае жыццё ўсё больш развіваецца, што паказвае творчасць беларусаў і моцнае жаданне быць разам.

«Гэта вельмі важна, таму што ў моманце, калі мы здолеем вернуцца ў Беларусь, трэба мець, з чым вяртацца. І пакуль у Беларусі нельга выдаць усе беларускамоўныя кнігі і распаўсюдзіць іх, каб яны не зніклі, мы робім гэта ў Польшчы, Літве, Германіі ды іншых краінах. Гэта вельмі добра і вельмі пазітыўна, бо беларуская культура захоўваецца і развіваецца, жыве — значыць, жыве Беларусь. І добра, што мясцовыя ўлады падтрымліваюць нашыя мерапрыемствы і даюць мажлівасць выказацца беларусам, нягледзячы на тое, што ёсць стэрэатыпы і страхі па іх баку», – заключае Кася.

Паглядзіце, як адбыўся пікнік у мінулым годзе.

Ранее

Вместо привычных муралов — патриотические. Как изменились улицы городов Беларуси? 

Далее

Идеальный день для отдыха: прогноз погоды на сегодня

Читайте далее