25 Сакавіка — бясспрэчнае галоўнае нацыянальнае свята Беларусі, лічыць Алесь Чайчыц. У пэўным сэнсе, працягвае аўтар, яно важнейшае за 27 ліпеня (афіцыйны Дзень незалежнасці ў 1991–1995) і за 25 жніўня (дзень фактычнага выхаду з СССР у 1991 годзе, які ніколі шырока не святкаваўся). Дык чаму дата 25 сакавіка такая важная для беларусаў?

БНР з’явілася як амаль віртуальная дзяржава і фармальна дагэтуль існуе як віртуальная дзяржава, прадстаўленая Радай БНР, пры ўсёй яе таксама віртуальнасці й ананімнасці.

Але гэтая віртуальнасць БНР павінна быць важным урокам для прагматычных і прыземленых беларусаў. «Спачатку было слова» (ідэя, пастаноўка «беларускага пытання» на парадак дня і заяўка на статус асобнай краіны). Гэтай заяўкай і гэтым маніфестам было абвяшчэнне БНР у лютым-сакавіку 1918 году.

Ужо толькі значна пазней, праз 70 гадоў, Беларусь сапраўды зрабілася незалежнаю, паступова выпакутаваўшы свой шлях ад этнаграфічнай тэрыторыі да суверэннай дзяржавы. Але спачатку было слова, спачатку была БНР.

У складаныя часы, калі вызваленне здаецца амаль немагчымым, неабходна мець такія арыенціры, сымбалі, крыніцы надзеі перад вачыма.

Ня варта параўноўваць сябе з навакольнымі краінамі. У беларусаў свой шлях, больш складаны і больш пакутлівы, чым у суседзяў. Часткова ён абумоўлены аб’ектыўнымі фактарамі, а часткова і шанцаваннем. Камусьці з суседзяў пашанцавала мець больш адрозную ад расейцаў ці палякаў мову, што аўтаматычна давала мацнейшы імунітэт ад асіміляцыі і мацнейшы стымул нацыянальнай свядомасці. Камусьці пашанцавала мець выхад да мора, камусь — свае моўныя анклявы ў Аўстра-Вугоршчыне і Прусіі, нашмат менш шавіністычных за царскую Расею.

Трэба памятаць, што Беларусь чакаюць у свабоднай Еўропе. Гэта было адно з маіх яскравых уражанняў такога ўжо далёкага ад нас 2020 году: як імкліва тады ўсё замежжа пачало перажываць за Беларусь, як рэзка выбухнулі павага й любоў да Беларусі сярод іншаземцаў, як нечакана й вокамгненна некаторыя з іх пачалі называць Беларусь у сваіх мовах Беларуссю, Belarus, а ня «Белай Расеяй».

Усё залежыць ад саміх беларусаў. Адважных любяць. Пераможцаў любяць. Тых, хто любіць саміх сябе і хто гатовы пастаяць за сябе, хто ня страчвае веры і дорыць яе навакольным, іх любяць. Беларусам трэба быць такімі. Альбо прынамсі вучыцца, каб такімі стаць.

Ранее

Некоторые страны усилили меры безопасности: как мир отреагировал на теракт в Москве

Далее

Водительские права начали выдавать на 20 лет 

Читайте далее