Верыце вы ў бога ці не – усё роўна хутчэй за ўсё чакаеце Вялікдзень. Ці як мінімум ведаеце пра гэтае свята. «Маланка» папрасіла беларусаў у розных гарадах і краінах даслаць здымкі велікодных яек, якія яны зрабілі, і распавесці, чаму яны выглядаюць менавіта так. Вашай увазе – яйкі ад дызайнераў, палітыкаў, актывістаў, былых палітзняволеных, фатографаў і іншых крэатыўных людзей.

Каларыст Арцём, Гародня

«Да мяне сёння прыйшла кліентка фарбаваць валасы, якія ёй дрэнна зрабілі мінулы раз недзе ў іншым месцы, бо няма чаго хадзіць не да сваіх людзей. Мы ёй зрэзалі змарнаваныя канцы. А яна з сабой яшчэ і яйкі прынесла, смяецца, кажа, давай біцца. А я кажу, давай пасля працы. Вырашалі наклеіць на яе яйка валасоў і зрабіць з яго маленькага персанажа ў стылі Ціма Бёртана».

Яйкі беларусаў на Вялікдзень

Дызайнерка і былая палітзняволеная Маша Каленік, Вільня

«Я не хрышчоная, але накшталт у Ісуса ж таксама быў вянок. Такая паралель з палітвязнямі. А наогул сумна, што людзі, якія вераць у Бога і запаведзі, саджаюць іншых людзей ні завошта і здзяйсняюць страшныя злачынствы».

Яйкі беларусаў на Вялікдзень

Фатографка Ніка, Менск

«Калі б мяне не папрасілі сфоткаць яйка, я б не здагадалася. Сёння з ранку былі здымкі з мадэллю і я папрасіла яе расцалаваць яйцо. Калі будзеце так рабіць, не забудзьце яго памыць! Так і памерці можна».

Яйкі беларусаў на Вялікдзень

Графічны дызайнер Альгерд Міхаловіч, Варшава

«Чамусьці думаючы аб Вялікдне ў Беларусі і фарбаваннi яек – я першым узгадаў, як на нашыя прадукты харчу ставяць пячатку. Само яйка, яго лупіна – нібы заўсёды перашкода для таго, што ўнутры, да таго, што звонку, такая маленечкая турма. Сінтэз гэтых двух прадметаў – вобраз, які атрымаўся. Валошкі – як сымбаль нашага імкнення і несмяротнасці, здольнасці выжыць нават у безвыходнай сітуацыі».

Яйкі беларусаў на Вялікдзень. Ілюстрацыя графічнага дызайнера Альгерда Міхаловіча

Дарадца Ціханоўскай па моладзевай палітыцы Марго Ворыхава, Вільня

«Яйка з лагатыпам Моладзевага Наступу сімвалізуе далікатнасць пабудовы дэмакратычных працэсаў. Але менавіта моладзь зможа выстаяць. І пакіне пасля сябе шкарлупіны старыкоў, якія абсыпаюцца. А яшчэ яно блішчыць. Таму што ўсё лепей з бліскаўкамі»

Пасля гэтага «Маланка» чакае яйкі ад іншых фракцый, бо медыя павінны быць болей аб’ектыўнымі ў сваіх публікацыях.

Яйка на Вялікдзень ад фракцыі «Моладзевы Наступ»

Былая палітзняволеная актывістка Ася Булыбенка, Вільня

«Я часта выкарыстоўваю ў сваіх працах вочы. Чаму? Мне складана сказаць — гэта на ўзроўні эмоцый і адчуванняў. Я лічу, што шмат чаго можна сказаць менавіта па вачах чалавека. Мне здаецца, што вочы зараз літаральна «пераследуюць» нас — тысячы людзей глядзяць, чакаюць, спадзяюцца, плачуць, злуюцца. Нейкія вочы добрыя, нейкія злыя, нейкія — пустыя.

Калі звяртацца да тэмы Вялікадня, я б сказала, што гэтыя вочы для мяне свайго роду пытанне — ну і дзе ж бог? Дзе ён, калі тысячы вачэй глядзяць і чакаюць, калі нехта прыйдзе і выратуе іх?»

Мейкап-артыстка Паліна, Кракаў

«Я чалавек просты. Бачу бліскаўкі – карыстаюся імі. Не ведаю, як я буду яго есці. Але мая бліскаўкавана арыентаваная душа задаволена».

Яйкі беларусаў на Вялікдзень

Бухгалтарка Надзея, Тбілісі

«Маёй маленькай дачцы вельмі падабаецца мульт My little pony, і яна хацела нешта розавае, таму мы проста абмакнулі яйка ва ўсё рознакаляровае і яркае. Яна вельмі давольная і не хоча зараз іх разбіваць».

Яйкі беларусаў на Вялікдзень

Бартэндэр Мікіта, Вільня

«Бабуля рабіла яйкі ў дзяцінстве з травы і ўсялякіх рэчаў мелкіх, якія былі ў хаце. Я абвязаў ніткамі яйка, як яна рабіла, і закінуў у шкарлупіну лука. У яе атрымоўвалася больш яркае. Не ведаю, але гэта такі ўспамін пра бабулю і вёску».

Яйкі беларусаў на Вялікдзень

Мастак Мікіта cdk.cdk

«Я паглядзеў на яйкі ў халадзільніку і зразумеў, што ў небаракаў няма ног. А па жыцці трэба ўпэўнена крочыць, а не каціцца. Таму вырашыў намаляваць яечку ногі».

Яйка на Вялікдзень. Ілюстрацыя ад мастака Мікіты cdk.cdk
Ранее

Волна задержаний на заводах в Лиде. Что известно?

Далее

«Чувствуешь себя как в клетке»: первое реалити-шоу со Светланой Тихановской

Читайте далее