29 чэрвеня ў Варшаве на беразе Віслы пройдзе вялікі Hučna Fest з актуальнай беларускай музыкай, знакамітымі імёнамі СучБелЛіта, сучасным мастацтвам і актывізмам.
Free Belarus Center ужо чацвёрты год запар аб’ядноўвае актуальнае беларускае мастацтва ў розных праявах і дае магчымасць беларускім актывістам і актывісткам паказаць сябе.
На музычнай сцэне сёлета выступяць Разбітае Сэрца Пацана, LEIBONIK, NOCHY і Syndrom Samazvanca. Вядучы – Мікіта Мелказёраў.
Наведвальнiкаў фестывалю таксама чакае насычаная літаратурная праграма, падрыхтаваная разам з Беларускім ПЭНам:
- Прэзентацыя зборніка вершаў «Астралябія Божых таямніц» паэткі, мовазнаўцы Анхелы Эспіносы Руіс у музычным суправаджэнні Змітра Бартосіка і Юстыны Карпіловіч.
- Дыскусія аб жаночай беларускай літаратуры, яе «тварах» і стане ў сучаснасці, з удзелам Насты Кудасавай, Светы Бень, Ганны Кандрацюк. Мадэратарка: Тоні Лашдэн.
- Презентацыя і абмеркаванне тэм кнігі «Час пустазелля» Ганны Янкуты. Суразмоўца: Крысціна Дробыш.
- Чытанні з дыскусіяй на тэмы неабароненай літаратуры і яе аўтараў, як актывістаў, з удзелам тоні лашдэн, Уладзя Гарбацкага, Артура Камароўскага, Светы Бень.
А таксама кніжныя стэнды лепшых беларускіх выдавецтваў — Gutenberg Publisher, Skaryna Press, «Янушкевіч», Hochroth Minsk, Kamunikat.
Таксама на Hučna Fest адбудзецца шмат сацыяльных актыўнастяў, выступы вядомых блогераў і блогерак, актывістаў і актывістак. Падчас фестывалю можна будзе даведацца больш пра сучаснае беларускае мастацтва ад стваральніцы праекта «Размовы маленькага геданіста» арт-менеджаркі Вольгі Мжэльскай, даведацца пра новую беларускую краудфандынг-платформу, задаць пытанні беларускім рэжысёрам і рэжысёркам разам з VODBLISK Talk і нават гэта яшчэ не ўсё!
Адбудзецца Hučna Fest 29 чэрвеня з 13:00 да 22:00 на беразе Віслы каля варшаўскага Музея Сучаснага Мастацтва (Wybrzeże Kościuszkowskie 22). Уваход вольны.