̶Г̶р̶у̶з̶і̶я̶ Сакартвэла — транзіт для шмат каго з беларусаў, хто з’язджае з краіны за мяжу. Яны застаюцца там на паўгады-год, а потым вандруюць далей. Але нягледзячы на вялікі паток людзей з сінімі пашпартамі, там усё роўна з’явілася наша дыяспара. Журналіст «Маланкі» паразмаўляў з адной з арганізатараў беларускамоўных нэтворкінгаў у Тбілісі пра складанасць эміграцыі ў краіне картвэлаў, стаўленне да беларускай мовы, розніцу культурных кодаў і важлівасць кам’юніці. 

Нататка з дзённіка журналіста:

«Першы крок у Тбілісі — знайсці беларусаў. Быццам іх тут не шмат. Адзінае, што мне даслалі — мясцовую беларускую прастору, таму я вырашаў завітаць да іх на нэтворкінг. Прыйшоў. Мы наклеілі на сябе стыкеры з тым, што трэба пра нас ведаць. Нам некалькі разоў нагадалі, што тут бяспечная серада без гвалтоўнай камунікацыі. Мы знаёміліся, адказвалі на спіс філасофскіх і не вельмі пытанняў. Дазнававаліся пра людзей навакол. А напрыканцы пісалі пажаданні адзін аднаму на цыдулках. У адной з іх мне напісалі, што рэпартаж з міцінгаў у Тбілісі трымаўся класным. А яшчэ скінулі мапу з крутымі месцамі ў горадзе. Карацей, беларусы тут е, і яны вельмі мілыя. Потым мы пайшлі ў бар».

Адна з арганізатарак беларускамоўнага нэтворкінгу — Паліна. Яна працуе ў айцішке. А беларускім нэтворкам займаецца, як я зразумеў, для душы. 

— А ты кім працуеш? — спытала яна мяне пасля бару. 

— Журналістам на «Маланцы». 

Прыкладна так мы і дамовіліся на інтэрв’ю. Сустрэліся праз некалькі дзён у прасторы «Залюстроўе». Цікавае месца побач з гарой. Там ходзяць качкі. Знізу раскінутае сена. Замовілі каву».

Вуліцы Тбілісі, красавік 2024 года. Ілюстратыўнае фота: Антон Туркоў

Нэвторкінг для беларусаў у Тбілісі. Навошта яно трэба і як ён з’явіўся?

Я прыехала сюды тры гады таму, і тут не было ні такога плотнага кам’юніці, ні імпрэзаў, ні кропак, дзе базаваліся беларусы. Вось ты прыязджаеш і трапляеш у нішто. У цябе няма ні падтрымкі, ні знаёмых, ні асяроддзя. І адразу кідаецца ў вочы гэты картвэльскі вайб, які цалкам не разумееш.

Распачалі нэтворкінг у Батумі, там быў хлопец, у якога была ідэя, і ён яе рэалізаваў. Яны ўжо ладзілі шмат разоў, а потым мы захацелі таксама такое ў Тбілісі. Проста людзі, проста беларусы. Ён прыехаў, правёў першы ўводны нэтворкінг. Мы падхапілі і пачалі рабіць далей самі. Ведаеш, гэта як франшыза. 

Беларускамоўны нэтворкінг — толькі для беларусаў? 

Прыходзьце хто заўгодна. Да нас нават расеец прыходзіў, які беларускую вывучыў. І хацеў практыкавацца і размаўляць у беларускім кам’юніці. Таму сэнс — хоць ты японец, які намагаецца размаўляць і вывучаць мову, хоць беларус, які размаўляе на расейскай, і іх, давайце будзем шчырымі, большасць. І яны прыходзяць, і трасянка атрымліваецца, і норм. Гэта шлях такі. Беларуская мова — наш нібыта клей.

Ведаеш, мова звязваецца з палітычным выказваннем. Але калі беларусы пераязджаюць, для некаторых мова ператвараецца са «зброі» у звычайны сродак камунікацыі. Я лічу гэта суперкрутой і прышпільнай рысай нэтворкінга, што сэнс — беларуская мова, а не твае погляды і густы. Сэнс — практыкаваць мову, пачуць яе пазамежамі Беларусі. Бо ў краіне гэта натуральная рэч і ты не заўважаеш, што ў цябе е патрэба. А потым ты сюды прыязджаеш, і якія б класныя ні былі картвэльцы, а яны насамрэч класныя, і англамоўнае асяроддзе тут вельмі прышпільнае, усё роўна хочацца свайго, дзе ты ўсё разумееш. І нават бульбасрачы і іншыя рэчы, калі мы вучымся дамаўляцца. 

Прастора і хостэл Fabrika ў Тбілісі, красавік 2024 года. Ілюстратыўнае фота: Антон Туркоў

Вы задаеце людзям розныя пытанні, якія патрабуюць ад чалавека падзяліцца сваім меркаваннем. А што здараецца, калі меркаванні людзей не супадаюць? Напрыклад, наконт мовы.

Мы на нэтворку ставім мэты, каб прыходзілі розныя людзі, і мы намагаемся рабіць бяспечнае асяроддзе, каб людзі маглі размаўляць на розныя тэмы, якія ў іх баляць. Пачынаючы ад бытавухі, сканчаючы пошукам сябе ў жыцці. Мы розных поглядаў, але мы намагаемся шукаць тое, што нас аб’яднае. І на такіх маленькiх рэчах вучымся несці гэта ў жыццё і карыстаць у краінах, дзе зараз жывем. Вучыцца такім рэчам на нізавым, базавым узрозні — разумець іншага чалавека, калі ён іншых поглядаў, і мець магчымасць слухаць яго. 

Вядоўцы даюць пытанні, і людзі абмяркоўваюць іх — кожны выказваецца па дзве хвіліны. І справа не ў спрэчкі ці проста данесці сваю думку, а сэнс — падзяліцца сваім меркаваннем. Бывае такое, што ты чуеш меркаванне іншага чалавека і думаеш: «Я вось так не думала, але гэта таксама лагічна». 

Калі ў Тбілісі е і беларусы, і расейцы, і ўкраінцы, і нэтворкінг, і шмат экспатскіх месцаў. Чаму сацыялізацыя тут застаецца складанай тэмай?

Калі я сюды прыехала, гэта быў жах. Сакартвэла цалкам не мая краіна. Я шмат вандрую і звычайна з першага дня разумею мая краіна ці не. Сакартвела — даклдана не мая. То бок калі ў мяне быў спіс краін для вандровак, я Сакартвела нават ніколі не разглядала. Мне больш падабаецца Нямеччына і Аўстрыя, напрыклад. А Сакартвела — гэта нейкі хаос пасля Беларусі. Цалкам іншая арганізацыя, іншая логіка. Нават мову ніяк не разумееш. Першы час пасля пераезду я не магла стасавацца з сябрамі ў Беларусі, ці навіны чытаць, ці ўвогуле нешта чытаць, бо мозг так быў запоўнены новай інфармацыяй… У краму схадзіла, вяртаешся да хаты і трэба гэта пераасэнсаваць.

Яшчэ прышпільнае, што цябе выбівае. Ты выходзіш на балкон, а тут горы паўсюль. Ты думаеш, што гэта такое», – смяецца Паліна.

Горы ў Тбілісі, красавік 2024 года. Фота: Антон Туркоў

Вока такое: «Дзе мы, што адбываецца. Я люблю горы, але няма за што зачапіцца, за штосьці звыклае. Малочка тут іншая, сыры іншыя, стравы іншыя, хлеб гэты шоці, якія яны набываюць па пяць штук. Для мяне вельмі салёны, яны соль паўсюль дадаюць. Паўсюль да цябе ўсім ёсць справа. Ты з валізкай – табе дзверы адчыняць. Я спынялася на вуліцы напісаць паведамленне, да мяне падыходзілі і пыталі, ці падказаць мне што-небудзь, бо бачылі маю збянтэжанасць. У Беларусі людзі цябе чапляюць нашмат меньш».

Паліна распавяла, што неяк раз яна спынілася на мосце, каб сфатаграфаваць прыгожае месца. Да яе дачапіўся картвэлец і прапанаваў паразмаўляць, схадзіць на каву і пытаў, што здарылася. Ён думаў, што Паліна збіраецца скончыць жыццё самагубствам. І пакуль яна амаль не пачала на яго лаяцца аб тым, што ўсё добра і дапамогі не трэба, ён не сыходзіў. І нават калі сыходзіў, абарочваўся і паглядваў, цi усё ў парадку:

Я тады напісала маці, што нават калі жыццё тут захочаш скончыць самагубствам, табе не дадуць. Асабістыя межы тут у цябе вельмі маленькія – літаральна адзін сантыметр вакол твайго цела. І гэта складана перажываць беларусу.

Графіці на вуліцах у Тбілісі красавік 2024 года. Ілюстратыўнае фота: Антон Туркоў

Што дапамагае сацыялізавацца, акрамя нэтворкінгу, калі так складана прызвычаiцца да новых умоў?

Мне дапамог сацыялізавацца сабака. Ён у мяне звычайны метыс, паляшук. Ходзіш у парку, усе да цябе падыходзяць, знаёмяцца, пытаюць, што за сабака, адкуль ты. А ён яшчэ сталы ў мяне, 15 год. Картвэльцы мяне прам так і звалі – святая, таму што перавезла старога беларускага сабака сюды. А ўжо потым з’явіліся беларусы, і я зразумела, што мне гэтага не хапала. Мовы мне не хапала. І калі здараецца беларускі нэтворкінг, ты такі: «усё, гэта маё, родненькае». Ведаеш, настальгія, у кагосьці бярозкі шумяць, у кагосьці балоты, так у мяне — людзі.

Напрыклад, як заўважыць, што чалавек нядаўна прыехаў з Беларусі? Ён вельмі доўга стаіць на скрыжаванні, не можа перайсці дарогу, збянтэжаны, разгублены. Гэта бачна адразу. Бо ў Сакартвэла людзі пераходзяць дарогу там, дзе трэба перайсці. Максімум паказваеш жэст рукой, які азначае «прабач», і ўсё. Я ў Беларусі не пераходзіла дарогу на чырвоны нават уночы. Тут я адаптавалася за некалькі месяцаў, стала пераходзіць абы дзе. І гэта зроблена не з-за таго, што людзі такія і забіваюць на законы і правіла, а з-за вельмі нязручных пераходаў. І кіроўцы ставяцца да гэтага з поўным паразуменнем – не крычаць і не сігналяць.

Сабакі і беларусы – формула сацыялізацыі ў Сакартвэла?

Калі знаёмішся з беларусамі – жыццё прасцей становіцца. Бо яны нават без тваіх пытанняў пачынаюць табе распавядаць тое, што табе трэба ведаць. Таму нэтворкінг значна дапамагае, бо гэта месца канцэнтрацыі беларусаў.

Але пасля акліматызацыі ў Тбілісі яны застаюцца разам і стасуюцца ў коле нэтворкінгу ці разбягаюцца хто куды па іншым камʼюніці?

Ведаеш мемасікі, дзе скотч ваду спыняе? Вось я лічу, што нэтворкінг – такая штука для ўсяго. Я заўсёды цікаўлюся: хто прыйшоў, навошта прыйшоў, адкуль даведаўся. Мне цікава! Да нас прыходзяць як інтраверты, напрыклад, раз у два месяца, зачыняюць сваю патрэбу ў сацыялізацыі і жывуць шчасліва. І таксама е касцяк, які заўсёды прыходзіць. Хтосьці прыходзіць за дапамогай, калі перажывае складаны перыяд у жыцці. Хтосьці прыехаў на вакацыі і не хоча марнаваць час самому вышукваць цікавосткі і кажа:: «у мяне ёсць тыдзень, што тут самае сакавітае?» Людзі прыходзяць з рознымі патрэбамі. На нэтворкінгу людзі знаходзяць аднадумцаў і ствараюць гурты па інтарэсам: літаратурны клуб, хайкерскі, настолкі. І ўсё гэта таксама P2P, без арганізатараў.

Ну вось ёсць камʼюніці нэтворкінга, і прыходзяць зусім новыя людзі. Як яны сябе адчуваюць?

Учора дзяўчынка прыйшла ўпершыню і яна сказала, што ёй было страшна ісці. Вось нават не глядзячы на тое, што мы паўсюль прамаўляем, што мы не моўны гурток. Што мы не будзем вывучаць мову, выпраўляць вас і казаць, як правільна. Але яна прыйшла і потым сказала, што ўжо не страшна і вельмі фрэндлі. А страшна ёй было, бо яна ўпершыню размаўляла на беларускай на нэтворкінгу.

Вуліцы Тбілісі, красавік 2024 года. Ілюстратыўнае фота: Антон Туркоў

Як іншыя ставяцца да людзей, якія ні разу не размаўлялі на мове?

Адразу скажу, што 90% людзей, якія пераходзяць, баяцца размаўляць. Я ў жаху ад гэтай сітуацыі, бо гэта непрыемны ўплыў Расеі на нас, што мы саромеемся і лічым, што мы недасканала размаўляем на нашай роднай мове. Я лічу, што як ты размаўляеш – акей, калі ты носьбіт. Ты лепш ведаеш, як табе размаўляць на мове. Гэта твая справа і твой шлях. Дзіцё не пачынае ў тры гады размаўляць ідэальна любой мовай. А даросламу чалавеку гэта складана перажываць. 

Па маім адчуванням, 80-90% людзей ніколі не размаўлялі на беларускай да нэтворкінгу. І мы робім аграменны, велічэзны акцэнт на тым, што вы размаўляеце на мове так, як можаце. Калі вы размаўляеце ўвесь нэтворкінг на расейскай дзве гадзіны і ўставілі два беларускіх слова – гэта ўжо перамога, гэта клас. Калі вы на трасянке – ляпіце на трасянцы. Калі вы ідэальна размаўляеце на мове з дзяцінства – крута. Чалавек, які хоча, каб яго выпраўлялі ці падказвалі, робіць адмысловую налепку. Але час ад часу я заўважыла, што людзі робяць налепку «выпраўляйце мяне», і яна нібыта абярэг ад таго, што чалавек сам прызнае, што блага ведае мову.

Як ты ставішся да выпраўлення іншых людзей на мове?

Я сама намагаюся ніколі не выпраўляць, бо я лічу, што выпраўлення перашкаджаюць пераходзіць на мову. Бо калі ты нясеш эмацыйны пасыл, хочаш распавесці гісторыю, эмоцыі першасныя. Мова – гэта сродак. Для мяне яна на зброя.

Я хачу, каб мяне разумелі людзі. Калі я стасуюся з расейцамі, я пераходжу на расейскую. Бо яны не зразумеюць мяне дасканала. У мяне сэнс – не выдыгацца, што я беларуска, а сэнс, каб мяне зразумелі. Калі трэба ангельская, я пераходжу на ангельскую. Калі чалавек пачынае эмоцыю нейкую несці, спрабуе распавесці эмоцыю, а яму не хапае слоўнікавага запасу, гісторыя пачынае быць такая: павольна размаўляеш, узгадваеш словы, лаеш сябе за тое, што ты не ўзгадаў.

Я бачыла, што людзі пачынаюць, яны хочуць дзяліцца, а потым усё павольней і павольней кажуць, а потым такія: «ай, я не магу больш змагацца». Гэта самая жудаснае, што можа быць. Хай чалавек лепіць трасянку, хай проста выкажа эмоцыю.

Калі ты пачнеш выпраўляць чалавека ў моманце, падказваць, усё роўна ў мозгу запісваецца «мне замінае зараз, мне падказалі». Думка льецца, льецца, і цябе спыняюць увесь час. І мозг такі: «мне непрыемна». І мозг будзе звязваць з мовай дрэнныя адчуванні. А калі чалавек распавядае задаволены, хай ён там палову расейскіх словаў сказаў, хай трасянкай, але ён стасуецца з беларусамі, слухае беларускую, і яму паціху капае на мозг. У нас жа ёсць пасіўны слоўнікавы запас, і калі ты трапляеш у беларускамоўнае асяроддзе, нават размаўляючы расейскай, усё роўна пашыраеш яго і становішся больш беларускамоўнай.

Мне ў Беларусі замінала размаўляць тое, што беларускую мову прынамсі мае асяроддзе вельмі асацыявала з апазіцыяй. Быццам ты нешта хочаш данесці. Калі ты перайшоў на беларускую мову, ты нясеш нейкі сцяг, штосьці камусьці хочаш даказаць. Я так ніколі не ставілася да мовы. Гэта сродак. Я не нясу ніякі сцяг, я проста размаўляю. І я хачу нэтворкінгам пазбавіць людзей ад гэтага. Калі чалавек ставіцца да мовы як да зброі – добра. Але мы пра тое, што мы беларусы і крута размаўляць на беларускай. Як Мелказёраў кажа – у роце салодка становіцца. І беларуская – гэта сэксі.

А яшчэ як сказаў адзін з удзельнікаў:

«Я калі хачу, каб мяне не разумелі, я пераходжу на беларускую. Яе не разумеюць ні картвэльцы, ні расейцы. Максімум, хто зразумее, гэта беларусы і ўкраінцы».

Вуліцы Тбілісі, красавік 2024 года. Ілюстратыўнае фота: Антон Туркоў

Дай параду беларусам, якія баяцца пачынаць размаўляць на мове

«Сваю параду сабе парай», – смяецца Паліна, кажучы аб тым, што яна не любіць даваць парады.

Не люблю даваць парады і вам не раю, але калі ўжо нешта казаць, то адчапіцеся ад сябе. Гэта першы крок. Дайце сабе дазвол на тое, каб пражыць так, як трэба пражыць зараз. Размаўляеш як размаўляеш, па крысе, як атрымаецца. Не атрымаецца цалкам – можа не тваё. Ёсць беларусы, якія могуць быць расейка-, ангельска-, польска-, якімі заўгодна моўнымі. А калі ўжо нешта патрабуеш ад сябе, падумай, гэта я патрабую, ці настаўніца з мінулага патрабуе ад мяне нешта, ці хтосьці яшчэ. Рабіце проста, лагодна і паступова.

Дапамагае ліставацца ў мэсэнджарах на беларускай. Нібыта меншы барʼер – не трэба нешта казаць.

Можна глядзець больш беларускамоўнага кантэнту. Бо мне шчыра крыўдна, што з расейскага кантэнту шмат хто перайшоў на ўкраінскі кантэнт, а мне б хацелася, каб перайшлі на беларускі. Я гляджу кантэнт нават той, які можа не суперякасны, але беларускамоўны. Чым больш ты чуеш мову, тым больш ты пранікаешся гэтым, тым больш адчуваеш і размаўляеш. 

Асяроддзе – класна, калі вы знойдзеце сабе чалавека, які будзе стасавацца з вамі на мове. Камусьці дапамагае з блізкімі стасавацца на беларускай, а камусьці наадварот – з новымі знаёмымі з нуля і нібыта чалавек і не ведае, што ты быў расейскамоўным.

Тбіліскае мора, красавік 2024 года. Фота: Антон Туркоў

І наведвайце беларускія імпрэзы. Але адчапіцеся ад сябе і ад іншых. Калі вы гэта зробіце, то дазволіце і сабе і іншым быць такімі, якія мы ёсць».

Паміж слоў пра фідбэк – вялікую болю беларусаў

Пасля кожнага нэтворкінгу ўдзельнікі пішуць на цыдулках фідбэк адзін аднаму, якія потым раздаюцца па імёнам.

«Я заўважыла, што ў беларусаў з пазітыўным фідбэкам складана. Як прынесці свае лайно, пакрытыкаваць – гэта з радасцю. А сказаць нешта прыемнае, пра тое, як чалавек выглядае, ці пра тое, што кажа, ці думка нейкая – гэтаму вучымся. Каб напісаць адэкватную цыдулку, трэба слухаць, аб чым чалавек кажа. Таму па цыдулкам бачна, наколькі чалавек быў пра цябе падчас размовы. Зваротнай сувязі добра вучыцца з дзяцінства ў школе.Я была ў гімназіі добрай, але нават там не вучылі. А калі навучымся, жыццё стане значна лягчэй».

Мара аб беларускіх нэтворкінгах па ўсім свеце

«Я б хацела, каб куды б беларус ні прыехаў, можна было б знайсці такія нэтворкінгі. Прыязджаю ў Барсэлону і гуглю: «беларускамоўны нэтворкінг». І во беларусы, во туса, во свае. Такое ўжо ёсць у Варшаве, у Гданьску, у Гішпаніі ўжо ёсць, распачалі падчас працы над гэтым інтэрв’ю, у Торуні. Уяві, ты прыязджаеш, нікога не ведаеш тут, але адразу трапляеш у асяроддзе беларусаў. Гэта класна, бо яны табе могуць дапамагчы, распавесці. Гэта дапамагае ў адаптацыі і сацыялізацыі. Вельмі крутая рэч.

Мы заўважылі, што людзі прыязджаюць сюды на адпачынак з Беларусі на тыдзень, ці там з Польшчы, з Ізраілю, і пішуць пра сябе: першы дзень у Сакартвэла. Беларускамоўны нэтворкінг гэта месца, з якога класна распачынаць сваю вандроўку».

Ранее

В Бресте четырех человек будут судить за протесты 2020 года

Далее

«Оземпик» — укол для похудения. Беларуска рассказала, как работает препарат, на котором «сидят» звезды

Читайте далее