Лідэрка дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў у сувязі з Днём абвяшчэння незалежнасці Беларусі. Гэта адбылося 25 жніўня 1991 года, праз дзень пасля таго, як аб сваёй незалежнасці аб’явіла Украіна.
Што здарылася 25 жніўня 1991 года?
25 жніўня 1991 года з’яўляецца адной з ключавых датаў у сучаснай гісторыі Беларусі. Менавіта ў гэты дзень Беларусь афіцыйна стала незалежнай дзяржавай.
Падзеі, якія прывялі да абвяшчэння незалежнасці, адбываліся на фоне драматычных змен у СССР. У жніўні 1991 года адбыўся так званы «жнівеньскі путч» у Маскве, калі група кансерватыўных сіл у савецкім кіраўніцтве спрабавала ажыццявіць пераварот і вярнуць савецкую сістэму да жорсткага кантролю. Аднак путч праваліўся, што прывяло да далейшага распаду Савецкага Саюза.
25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет Беларускай ССР прыняў вельмі важнае рашэнне — Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце, якая была прынятая яшчэ 27 ліпеня 1990 года, надалі статус канстытуцыйнага закона. Гэта азначала, што Беларусь аб’яўляла сябе незалежнай дзяржавай, і законы Савецкага Саюза больш не мелі прыярытэту над нацыянальнымі законамі. Такім чынам, Беларусь дэ-юрэ выйшла са складу СССР.
Гэта падзея стала асновай для стварэння сучаснай беларускай дзяржавы, з яе ўласнай Канстытуцыяй, дзяржаўнымі сімваламі і суверэнітэтам.
Зварот Ціханоўскай да Дня Незалежнасці Беларусі
«Мае дарагія беларусы! 33 гады таму Беларусь стала незалежнай дзяржавай. Тое, пра што марылі многія пакаленні беларусаў, нарэшце стала рэальнасцю. Нашая краіна вярнулася на карту Еўропы. Мы вярнулі сабе сваю дзяржаву, герб і сцяг, а пазней прынялі і ўласную Канстытуцыю.
Увогуле, гісторыя нашай краіны – гэта гісторыя барацьбы за свабоду. Мы паўставалі, калі нас спрабавалі паняволіць. Мы вялі партызанскія баі, калі войску не хапала рук. Мы пераходзілі да ціхага пратэсту і не дазвалялі спыніць біццё свабодалюбівага беларускага сэрца, калі здавалася, што ўсё прапала.
У беларусаў ёсць якасці, якія заўжды дапамагалі нам перажыць цёмныя часы. Цярплівасць і працавітасць, талерантнасць і міралюбнасць, імкненне да справядлівасці і любоў да сваёй зямлі. І я веру, што дзякуючы гэтым якасцям, а таксама нашай салідарнасці, мы і цяпер зможам вярнуць сабе наш дом, вызваліць людзей з турмаў і адстаяць незалежнасць нашай краіны.
Я заклікаю кожнага з нас працягваць барацьбу. Не дазваляйце дыктатарам зняверыць вас і паставіць пад сумнеў абраны шлях. Распаўсюджвайце інфармацыю сярод суседзяў, сяброў і родных. Размаўляйце па-беларуску. Праяўляйце салідарнасць. Дапамагайце тым, хто ў бядзе, асабліва нашым палітвязням, рэпрэсаваным, добраахвотнікам. Няхай гэта будуць невялікія крокі, але кожны дзень.
Я хачу павіншаваць усіх беларусаў з 25 жніўня – Днём аднаўлення незалежнасці. Але я ўпэўненая, што будзе і яшчэ адна дата – дзень, калі беларускі народ скіне, цяпер ужо назаўсёды, цяжар дыктатуры.
Жыве Беларусь!»