28 кастрычніка вучні беларускай дзіцячай тэатральнай школы ў Вільні і прафесійныя акторы з Беларусі і Літвы прэзентавалі спектакль па кнізе Вольгі Вялічкi «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме» у Razam Studio. Гледачы пабачылі ўспаміны дзяцей аб рэпрэсіях у дачыненні да іх бацькоў і даведаліся пра мары, сны і казкі, якія дапамаглі дзецям перажыць перыяд бацькоўскай турмы.
У кнізе Вольгі Вялічкi досвед беларусаў-палітвязняў і іх дзяцей параўноўваецца з гісторыямі жанчын і дзяцей, рэпрэсаваных у савецкі час. Сучасная гісторыя для гледача змяняецца ўспамінамi сведкаў аб жаночым лагеры АЛЖЫР, бо яны вельмі падобныя на тыя, калі АМАП, уламываючыся ў хату звычайнай беларускай сям’і, забірае дарослага ад яго дзіцяці: ламаючы дзверы, са зброяй, з крыкамі, пагрозамі, лаянкай і без тлумачэнняў.
Асаблівую атмасферу спектаклю надае тое, што гiсторыi расказваюць дзецi, якія ўжо ведаюць, што такое рэпрэсіі:
«Мая мама ў турме, і мне яе бясконца шкада. Калі б я магла замяніцца з ёй… Я не ведаю, навошта яна там, бо яна нічога не зрабіла дрэннага. Я дакладна ведаю, што мая мама добрая».
«Маму забралі ў турму. Тата даведаўся, дзе яна, і мы пачалі збіраць ёй смачныя пасылкі. Я моцна сумавала па маме ў глыбіні маёй душы. Я памятаю дзень, калі яна вярнулася, я не верыла — стаяла і не магла паварушыцца, а потым мы абняліся. Я не магла ад яе адліпнуць вельмі доўга. І я з ёй сплю ўжо цэлы год».
«Я чытаю кожны дзень у інтэрнэце, як праходзіць Minecraft, і яшчэ ў тэлеграме групу «Вясны» — там часам пішуць пра майго тату».
Акрамя дзяцей, якія з’яўляюцца вобразамі дабра, надзеі і мар, у спектаклі існуе вобраз зла — мужчына ў чорным. На працягу гадзіны ён палохаў гледачоў нечаканымі выкрыкамі і гукамі. Такія рэчы ўсё яшчэ з’яўляюцца трыгерам для беларусаў, якія перажылі рэпрэсіі і катаванні, і гледачы пасля распавядалі, што ім было не вельмі камфортна:
«Калі мужчына пачынаў рэзка грукаць у барабан і крычаць на хлопчыка, я ўздрыгвала. Я ведала, што ён крычыць не на мяне, але ўсё роўна было страшна», — распавяла глядачка пасля спектакля.
Справа ў тым, што актор-зло пачынаў крыклівыя моманты звычайна падчас таго, калі дзеці распавядалі пра свае мары ці сны. Таму спачатку глядач расслабляўся, услухоўваўся, а потым яго чакала порцыя пужальных гукаў.
Астатняе, што хацелася б распавесці, існуе ў рамках сюжэта, таму гэта будзе звычайным спойлерам. Але спойлераў мы не хочам. Таму сачыце за жыццём спектакля «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме» ў тэлеграм-канале Razam.
Дарэчы, спектакль праходзіў у межах міжкантынентальнай эстафеты ў падтрымку Беларусі «Галасы праз межы» / «Voices Across Borders». Паводле арганізатараў, эстафета салідарнасці арыентавана на прыцягненне ўвагі міжнароднай аўдыторыі. Для гэтага беларускія дыяспары па ўсім свеце аб’ядноўваюцца і арганізуюць мерапрыемствы, на якіх раскажуць пра краіну, яе дасягненні і праблемы, у тым ліку пра палітычны і гуманітарны крызіс пасля 2020 года.
Збор у межах эстафеты салідарнасці ўжо ідзе на платформе BYSOL. Падтрымаць яго можна тут.