На Кангрэсе беларускай культуры ў эміграцыі, які праходзіў 16-17 верасня ў Варшаве, адбылася дыскусія «Культурная эміграцыя — мінулае i сучаснасць». Спікеры абмеркавалі, што агульнага і адрознага ў эміграцыі розных часоў, і як беларускія творцы могуць заявіць пра сябе за мяжой. Budzma.org распавядае самыя важныя тэзісы.

Прафесарка ўніверсітэта Казіміра Вялікага ў Быдгашчы Алена Глагоўская і даследчыца гісторыі эміграцыі, галоўная рэдактарка альманаха «Запісы БІНіМ» Наталля Гардзіенка распавялі пра лёс беларускага мастацтва ў эміграцыі за апошнія сто гадоў. У першай палове 20 стагоддзя краіна была ахоплена войнамі і рэвалюцыямі, перажывала цяжкія часы. Таму многія беларускія дзеячы з’яджалі за мяжу. І хоць інтэграцыя праходзіла складана, у еўрапейскіх краінах пачалі з’яўляцца беларускія культурныя суполкі.

Андрэй Дурэйка, фота Саша Нэст

Пасля Другой сусветнай вайны была другая хваля эміграцыі. У 1945 годзе ў Нямеччыне з’явіліся лагеры для перамешчаных асоб (у асноўным туды траплялі былыя ваенныя вязні з канцлагераў, ці ўцекачы з Савецкага саюза — ад рэдакцыі). Пасля гэтыя ўцекачы раз’ехаліся па ўсім свеце. У Амерыцы, Канадзе, Вялікабрытаніі і нават Аргентыне пачалі з’яўляцца беларускія дыяспары, распавяла Наталля Гардзіенка.

«У сярэдзіне 20-га стагоддзя ў Еўропе пра Беларусь амаль нічога не ведалі. Яны (беларускія эмігранты) імкнуліся паставіць Беларусь на мапу свету. Гэтую дзейнасць фактычна працягвае сённяшняя эміграцыя», – распавяла Наталля

Беларускія асяродкі займаліся культурнымі мерапрыемствамі, паўстала вялікая суполка творчых людзей. Выдаваліся газеты, літаратурныя часопісы.

«Сітуацыя вымушанай эміграцыі заўсёды, безумоўна, асабліва складаная для дзеячаў культуры, якія звычайна больш запатрабаваны ў нацыянальнай аўдыторыі. Але досвед пасляваеннай эміграцыі беларусаў сведчыць аб тым, што магчымасці працягваць працу знаходзяцца. Значную ролю для стварэння гэтых умоваў іграе дыяспара», – адзначыла Наталля Гардзіенка.

Мастак і куратар Андрэй Дурэйка прыгадаў, што за апошнія 20-30 гадоў з’ехалі дзясяткі мастакоў. Аднак яны маглі выстаўляцца як у краінах, дзе яны жывуць, так і на Радзіме, у Беларусі, напрыклад, у галерэі «Ў». Пасля 2020-га гэтая магчымасць была страчана, і мост паміж культурай у Беларусі і ў эміграцыі фактычна разбураны.


На думку выступоўцы, важна памятаць не толькі пра ўласны, беларускі кантэкст. Па яго назіраннях, індывідуальныя творцы, якія ўзаемадзейнічалі з іншаземнымі інстытутамі аказаліся больш паспяховымі. Яны не абмяжоўваліся толькі нацыянальнымі пытаннямі, а былі людзьмі свету, рабілі акцэнт на сучасным мастацтве. Пры тым беларускія суполкі за мяжой, аказаліся менш паспяховымі.

У эміграцыі ў беларускім мастакам адчыняецца больш магчымасцяў, у той жа час, як у Беларусі дзяржава шмат год блакавала развіццё мастацкіх інстытуцый.

«Многія мастакі, якія з’ехалі, стварылi мастацтва, якое невядома ў Беларусі. Напрыклад, Эвеліна Домніч і Дмітрый Гефальд. Гэта мастацтва, якое звязана з навукай, і нічога падобнага ў Беларусі няма. У Беларусі нават няма музею сучаснага мастацтва. Гэта трагедыя і драма, толькі каланіяльная ўлада можа так ставіцца да свайго насельніцтва», – падкрэсліў Дурэйка.

Неабходна ўзаемадзеянне з міжнароднымі інстытутамі, без гэтага беларуская культура будзе існаваць толькі ў межах дыяспары, лічыць спікер. Таксама выступоўца адзначыў ролю беларускіх медыя, якія больш сфакусаваны на палітычных тэмах, і зусім мала пішуць пра культурныя падзеі.

У фінальнай прамове Анрэй Дурэйка закрануў і тэму культуры ўнутры краіны.

«Пасля 2022-га года пайшла размова, ці можна лічыць Беларусь агрэсарам ці акупаванай краінай. Але есць яшчэ і трэці варыянт — калабарацыянізм. І вось гэтая калабарацыя з’яўляецца сёння галоўнай рызыкай.

Саша Нэст

Сёння ў некаторых ужо пачынаецца стакгольмскі сіндром, калі закладнік пачынае разумець свайго забойцу. Раней існавала іншая праблема — цынізму, памяркоўнасці ці гламуру. А за гламурам часта прыходзіць фашызм. Філасофія калабарацыянізму — галоўная небяспека для беларускай культуры».

Мадэратаркай дыскусіі была Таццяна Нядбай. Яна звярнула ўвагу на тэму мастакоў у Беларусі.

«У нас існуе скажоная карціна, што нічога не існуе ў Беларусі (…) Я з гэтым не згодна. У Беларусі яшчэ застаюцца дзеячы культуры, іх шмат. Так, іх праца зараз непублічная, яна і не можа быць публічнай. Многія былі звольнены, многія сышлі ў падполле, рабіць кватэрнікі і працягваюць існаваць», – адзначыла яна.

Ранее

В Беларуси начинается эра гастарбайтеров. Зачем власти это делают?

Далее

Новости регионов: сирены в Гродно и Бресте и мор птиц в Молодечно

Читайте далее