Сёння, 21 лютага, па ўсім свеце адзначаецца Дзень роднай мовы. Беларуская мова — гэта не проста сімвал, а наш унікальны пароль і наша зброя. Так як гэта пачаць размаўляць па-беларуску? Сабралі карысныя спасылкі.
З нагоды Дня роднай мовы, дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў і распавяла свой шлях да беларушчыны:
«Яшчэ тры гады таму я сама не вельмі ўпэўнена пачувалася, калі размаўляла на беларускай мове. Вы, дарагія мае, натхнялі мяне, дапамагалі, матывавалі. Цяпер і мая дачка Агнія вывучае новыя словы, спрабуе размаўляць па-беларуску і нават чытае пакрысе. Ёй вельмі падабаюцца рыфмаванкі Юрыя Несцярэнкі з кніжкі «Неверагодны свет», вершыкі Андрэя Скурко, а таксама гісторыі з «Ашуканак» Яны Вольскай.
Беларуская мова – гэта наш унікальны пароль, які ведаем толькі мы з вамі. Захоўвайце родную мову, аберагайце, перадавайце дзецям. Бо пакуль жыве наша мова, будзе жыць і нашая нацыя», — звярнулася Святлана Ціханоўская.
Як пачаць размаўляць па-беларуску?
Пазбаўцеся страхаў
Беларусы, якія не вырашаюцца перайсці на беларускую, часцей за ўсё маюць 1001 прычыну для гэтага. Па-першае, памятайце, што ніводная нацыя ў свеце не размаўляе на літаратурнай мове! Нават беларускія пісьменнікі маюць «свой варыянт» мовы, з дамешкамі і рэгіянальнымі асаблівасцямі. Таму не бойцеся рабіць памылкі.
Папаўняйце свой слоўнікавы запас
Пачніце з пасіўных спосабаў: чытайце кнігі, глядзіце агучаныя па-беларуску фільмы, слухайце беларускамоўную музыку, чытайце беларускамоўныя сайты і газеты, усталюйце на камп’ютары праграмы з беларускім інтэрфейсам. На сайтах, дзе гэта дасяжна, пераключайцеся на беларускую мову. Тое самае — з банкаматамі, інфакіёскамі і г.д.
Пішыце па-беларуску
Калі вам складана пачаць размаўляць — пачніце з пісьмовай мовы. Мэйлы, эсэмэскі, паведамленні ў інтэрнэце, допісы ў сацсетках. Пры гэтым вы маеце час абдумаць напісанае, зазірнуць у слоўнік. Вашыя знаёмыя пачнуць звыкацца да вас беларускамоўнага, а вы знойдзеце новых беларускамоўных знаёмых.
Звяртайцеся па-беларуску да незнаёмцаў
Псіхалагічны бар’ер прасцей за ўсё пераадолець з незнаёмымі людзьмі, якіх вы бачыце першы і апошні раз: прадавачка ў краме, кіроўца маршруткі, мінак на вуліцы. Гэта прасцей, чым адразу пачаць размаўляць па-беларуску з бацькамі ці сябрамі, з якімі ўсё жыццё вы гутарылі па-расейску.
Наведвайце беларускія імпрэзы
Чуць жывую мову — вельмі важна, каб хутчэй авалодаць ёй самому. Да таго ж на такіх імпрэзах вы можаце здабыць новыя знаёмствы і пашырыць свой беларускамоўны асяродак. Яшчэ адзін спосаб — вандроўкі з беларускамоўнымі экскурсаводамі і краязнаўцамі.
Пачніце ўжываць мову ў побыце
Спачатку ў сям’і, потым на працы — у звыклых вам асяродках. Будзьце гатовыя тлумачыць зноўку і зноўку людзям прычыны такога пераходу. Прасіце падтрымаць вас у гэтым. Памятайце, што расейскамоўныя беларусы цудоўна вас разумеюць, калі вы звяртаецеся да іх па-беларуску. Старайцеся размаўляць павольна і прыгожа — каб суразмоўцам было яшчэ прасцей разумець вас. Гэта яшчэ болей прыхіне людзей да вас.
Набярыцеся цярпення
Для таго, каб пачаць не толькі размаўляць, але і думаць, сніць сны па-беларуску, вам спатрэбіцца час. Але мэта таго вартая, бо разам з моваю вам адкрыецца ўнікальны беларускі сусвет!
Карысныя спасылкі для перахода на беларускую мову
Слоўнікі, перакладнікі і энцыклапедыі
· Slounik.org
Больш сэрвісаў па спасылцы.
Літаратура
Электронныя выданні
- Электронная бібліятэка «Беларуская Палічка»
- Партал электронных кніг «Kniharnia.by»
- Інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat.org
- Інтэрнэт-бібліятэка «Родныя Вобразы»
- Бібліятэка электронных кніг «Flibusta»
- Беларуская літаратура на сайце «ЛітРес»
Больш сэрвісаў па спасылцы.
Фільмы і серыялы
Для дзяцей:
Фільмы і серыялы ў беларускай агучцы:
Больш сэрвісаў па спасылцы.
Беларускія падкасты
Больш сэрвісаў па спасылцы.
Спасылкі на розныя праекты на беларускай мове – тут.