«Блізка-далёка»: фотапраект пра беларусаў у Літве
Дом знаходзіцца ўсяго за некалькі кіламетраў, але чалавек не можа туды трапіць. Кожны дзень ён ідзе да мяжы, гледзячы на «сваю» зямлю, не маючы магчымасці зрабіць запаветны крок да Радзімы. Быццам Лясун без магчымасці вернуцца ў лясную сям’ю. Быццам істота са «сваім» па праве, выправаджаная на пустыя, бяздонныя і цяжкія плошчы гарадоў. Быццам хлопчык, які палохаецца найменшага нязвыклага шолаху. Гэта ён. Гэта мы. Глядзіце фотапраект Антона Туркова і Глеба Вашкевіча «Блізка-далёка» на «Маланке».
Яго ўнутраны стан можна апісаць трыма словамі: хваравітасць, скаванасць і дэпрэсіўнасць. 16 жніўня стукне роўна год з таго часу, як ён пакінуў Беларусь. Гэта першае лета, якое ён праводзіць у Літве, у Друскінінкаі. Да Беларусі яму рукой падаць: 7 кіламетраў да мяжы, якія можна прайсці пешшу за некалькі гадзін.
І ён ходзіць. Ходзіць і глядзіць на хату праз мяжу, адчувае сваю бездапаможнасць і нікчэмнасць. Стаіць каля свайго краю без магчымасці зрабіць пару крокаў і апынуцца на Радзіме. Бо нельга, бо наплявалі на пачуцці, бо адабралі.
Няшчаснае стварэнне, якое патрапіла ў іншае вымярэнне са сваімі правіламі, каштоўнасцямі і культурай. Ён акружаны незнаёмымі яму істотамі, сярод якіх лёгка згубіцца і страціць сябе. Яны прыгожыя, але зачыненыя, таленавітыя, але калючыя — такі іх менталітэт. Такая рэальнасць, якая пранізвае яго цела тысячай разгалінаваных іголак, прыбраць якія можна толькі дома. І ён ведае дарогу, але не ведае, як вярнуцца.
Пальцы сціскаюць рэбры, зубы скрабуцца адзін аб аднаго. Гук цісне на галаву, зліваючыся ў аркестры беларускіх лясоў, палёў і азёр, якія пераследуюць яго кожны дзень. Свядомасць захлыне ўспамін пра «сваё». Бо ў яго было «сваё». Свая прырода, свае вёскі, свае дзіцячыя светлыя месцы, у якіх быў пакладзены пачатак яго «Я». Свае людзі, сваё паветра, сваё пачуццё, якое адрозніваецца ад мільярдаў астатніх.
І тут усё так. Праўда так. Але сухая мова не паварочваецца для патрэбных слоў, падабраўшы толькі «чужое», шаптаючы толькі «няма ніякай сувязі». Бо тут ён не ведае нічога. Лясныя сцяжынкі незнаёмыя, азёры і рэкі туманяць пачуцці нязведанай і палохалай глыбінёй, палі пустыя, як туманны праход у бездань.
Ён больш не разумее пораў года. Не ведае крыніц сілы і заземленых месцаў, якія б ратавалі яго ў цяжкія часы.
«Прырода ўсюды адна, але свая толькі дома», – сіпіць ён.
Ён зразумеў каштоўнасць, зразумеў сутнасць тысячы слёз, прыняў неідэальнасць, прыняў нават сябе, але зрабіў гэта позна. Быццам Лясун без магчымасці вернуцца ў лясную сям’ю. Быццам істота са «сваім» па праве, выправаджаная на пустыя, бяздонныя і цяжкія плошчы гарадоў. Быццам хлопчык, які палохаецца найменшага нязвыклага шолаху. Гэта ён. Гэта мы.