Беларускія мастачкі Марыя Тарлецкая і Ганна Сілівончык будуць удзельнічаць у амерыканскім фестывалю мастацтва, узаемападтрымкі і радыкальнага самавыяўлення Burning Man. Ён адбудзецца ў пустыне Блэк Рок у Невадзе з 27 жніўня да 4 верасня. 

У пустынi выбудуюць кругавы горад Black Rock City з жылымі вуліцамі і інфраструктурай. Там будуць знаходзіцца мастацкія аб’екты, сцены і забаўляльныя зоны. Але пасля таго, як усё скончыцца, там зноў будзе пустыня.

Так будзе выглядаць скульптура Марыі Тарлецкай «Пацалаваць сябе ў люстэрку можна толькі ў вусны». Выява: фейсбук Марыі Тарлецкай.

Марыя Тарлецкая і «Дазволь сабе пазнаць сябе»

Работа Марыі Тарлецкай называецца «Пацалаваць сябе ў люстэрку можна толькі ў вусны». Аўтарка працуе з металам, а скульптуру для феста яна вырабляе са сталі. Яе памеры — тры з паловай метры ў шырыню і два метры сорак сантыметраў у вышыню.

У сацсетках Марыя распавяла пра яе так:

«Аб чым гэта для мяне? Пра тое, што колькі заўгодна шмат і доўга ты можаш […] інтэрпрэтаваць успрыманне сябе ў вачах іншых людзей, так і іх да цябе стаўленне, – разважае мастачка. – Яны вядома часцей з самых добрых памкненняў спрабуюць зрабіць табе дабро і накіраваць па-свойму, магчыма і праўда, лепшаму і правільнаму шляху.

Ты можаш гуляць з імі ў гэтыя гульні, можаш шчыра верыць і прымаць іх пазіцыю, але сам-насам з самой сабой дазволь сабе пазнаць сябе […].

Паглядзі на сябе ў люстэрка, дакраніся… Ты – усё што ў цябе ёсць і іншы ў цябе не будзе. Прыняць і пакахаць ты можаш толькі гэтую вэрсію сябе.

Пацалунак у вусны заўсёды меў сакральны сэнс і для многіх з’яўляецца праявай наймацнейшых і шчырых пачуццяў. У каханні і прыняцці сябе не можа быць паўмер і падмены.

Паспрабуй у люстэрка шкадуючы пацалаваць сябе ў лобік або фармальна ў шчаку. Не!!! Не выйдзе, толькі ў вусны.

У маёй гісторыі гэта пра мацярынства, якое са мной так і не адбылося. Я вырасла ў кансерватыўным грамадстве і доўга адчувала ціск з боку родных і па-ранейшаму адчуваю з боку грамадства асуджэнне і паблажлівае, крыўднае шкадаванне. Але я ўжо ведаю, што гэта мой шлях, так, ён не падобны на шлях большасці жанчын. І я прымаю яго і сябе на гэтым шляху».

Марыя плануе прывезці галоўныя элементы скульптуры ў ЗША ў чамадане. З гэтым ёй можна дапамагчы, прапанаваўшы вашыя магчымасці ў «Фейсбуку». Астатнія элементы яна будзе дакупаць у Сіэтле. Таксама мастачка запрашае ўсіх ахвотных адправіць у пустыню вестачку-пасланне, і потым яно будзе спалена ў знак ачышчэння ад непатрэбнага. 

Праекцыя інсталяцыі Ганны Сілівончык «Камуфляж» у пустыні Блэк Рок. Выява: фейсбук Ганны Сілівончык.

Мастачка Ганна Сілівончык 

Ганна для Burning Man зробіць інсталяцыю «Камуфляж».

«Дадзеная інсталяцыя візуалізуе тугу па ідэальным свеце, дзе чалавек не імкнецца супрацьпаставіць сябе прыродзе, але адчувае яе сэрцабіцце і дыхае ва ўнісон. Homo sapiens не выпінае сябе, не бравіруе сваёй значнасцю, але імкнецца гарманічна ўпісацца ў агульную карціну, зліваючыся з іншымі элементамі, з’яўляючыся часткай вялікага цэлага»,распавяла пра сваю работу Ганна. 

«Максімальна ўключаючы эмпатыю, мы можам адчуваць тонкія вібрацыі зямлі, улоўліваць эмоцыі дрэў і травы, разумець мову звяроў і птушак, чуць пра што маўчаць рыбы.

Маскіроўка, мімікрыя… Камуфляж, які звычайна прымяняецца чалавекам падчас палявання ці ваенных дзеянняў, выступае тут у зусім іншай ролі: як спосаб не проста схавацца, візуальна змяшацца з ландшафтам, але як магчымасць прымерыць на сябе вобраз, рысы і якасці іншага. Магчымасць стаць іншым, думаць шырэй і адчуваць глыбей…»

Мастачка працуе ў жывапісу і ілюстрацыі — яе творы знаходзяцца ў фондах музеяў і ў прыватных калекцыях па ўсім свеце. Ёй таксама будзе складана перавесці рэчы для інсталяцыі ў ЗША.

«Пры тым, што я імкнуся максімальна мінімізаваць выдаткі, […] усё роўна з улікам транспарціроўкі негабарытнага грузу, іншых арганізацыйных момантаў, часткі дэталяў і інструмента, які нерэальна прывезці і трэба купіць на месцы, гэта выліваецца ў вельмі круглую суму…», – канстатуе яна.

Калі вы можаце дапамагчы Ганне з транспартыроўкай, напішыце ёй сюды.

«З 10 жніўня буду дапрацоўваць работы ў Сіэтле, а потым – наперад – у Неваду», – дзеліцца сваімі планамі аўтарка.

Па словах сузаснавальніка Burning Man Лары Харві, фестываль кіруецца дзесяццю прынцыпамі: радыкальнае ўключэнне, дараванне, дэмадыфікацыя, радыкальная апора на сябе, радыкальнае самавыяўленне, супольныя намаганні, грамадзянская адказнасць, не пакіданне слядоў, удзел і непасрэднасць. 

Але свае творы ўдзельнікі не спальваюць. Паліцца толькі драўляная скульптура чалавека (Burning Man) і канструкцыі храма. Іншыя аб’екты пасля фесту трапляюць на выставы ў музеі, здаюцца ў арэнду і становяцца часткай культурных мерапрыемстваў. Таксама шмат работ купляецца ў працэсе фестываля.

Нагадаем, што ў Burning Man раней таксама ўдзельнічалі беларусы: фатограф Данііл Парнюк і кінематаграфіст Міхаіл Пархоменка.

Ранее

Прапануем паслухаць кавер на «Будзе дзень» Максіма Знака. І яшчэ адну рэч!

Далее

Синоптики объявили желтый уровень опасности

Читайте далее