Беларускасць — гэта не толькі пра агульнае месца нараджэння. Калі так, ці ёсць нейкі рэцэпт «як людзьмі звацца», якому можна наўпрост навучыць маленькіх беларусаў дома і за мяжой?

Дом у сэнсе фізічнага месца адабраць, як высветлілася, можна. Але ж нават калі і так, з кожным з нас да канца застаецца дом метафізічны — супольнасць, самадастатковасць, адметнасць, правы і, вядома ж, родная мова. Як «пракачаць» гэта ў дзецях?

Вам дапаможа (вельмі стыльная) ініцыятыва Sojka.

«Сойка — птушка-партызан. Селіцца ў лясах, лётае, амаль не датыкаючыся да зямлі. Пераносіць інфармацыю ад галіны да галіны. Хітрая і дзёрзкая, часам бясстрашная, першая абвяшчае пра небяспеку і прысутнасць чужынца. Закопвае жалуды да вясны. Часам забывае пра свае схованкі, і з іх вырастаюць маладыя дубы. Розум соек мацнейшы за інстынкт, размах крыла  — 50 см», – пішуць «сойкі».

А яшчэ сойка гаворыць на мове, зразумелай усім птушкам лесу.

Праэкт паставіў сабе міссію перамагчы страх і няўпэўненасць, захаваць моц для здабыцця сваёй мэты. Якой?

«Аб’яднацца і рабіць сваю справу, на фінішы ў нас — Беларусь»

Каб дапамагчы беларусам не адчайвацца і пачаць дзейнічаць у межах сваіх магчымасцяў, журналісты Sojka cтвараюць тэксты, гіды, спецпраэкты пра дапамогу, узаемадзеянне, абмен досведам і бязмежную любоў да Беларусі.

Скрыншот з Instagram праэкта

Гэтым разам Sojka паразмаўляла з дзясяткамі беларускамоўных і рускамоўных бацькоў, педагогаў, псіхолагаў ды актывістаў. Атрымаўся чарговы «сойкавы» мануал пра тое, каб перастаць адчайвацца і пачаць дзейнічаць у межах сваіх магчымасцяў.

Чаму гэта патрэбна?

Можа здацца, што быць беларусам — непрактычна, складана (а часам, як мы ведаем, нават небяспечна). Але нацыянальная ідэнтычнасць «дасць апірышча ў спробе зразумець сябе, свой шлях, свой род». 

І, што самае галоўнае, — добрую кампанію аднадумцаў па ўсім свеце. Не гаворачы ўжо аб тым, што вывучэнне мовы, гісторыі, казак і песень сваёй краіны можа стаць бясконцай забавай для ўсёй сям’і і магутным штуршком для аб’яднання бацькоў з дзецьмі.

З чаго пачаць?

Sojka рае шукаць аднадумцаў у сеціве. Таму дадзім асноўныя суполкі, дзе гуртуюцца бацькі беларускамоўных дзяцей, распаўсюджваюцца звесткі пра разнастайныя ініцыятывы, тавары і паслугі:

  • «Дзеткі-кветкі»

Гэтая суполка вырасла з чатаў ў Telegram. Зараз «Дзетак» можна знайсці ў FB і ВК. Там — аднадумцы, веды, сустрэчы ды розныя фішкі па цікаваму моўнаму выхаванню дзяцей.

  • «Содружество родителей Беларуси»

Вялікая суполка ў Facebook па тэме сямейнай адукацыі па-за афіцыйнымі ўстановамі. Там знойдзеце шмат практычных парадаў, цікавыя абвесткі на расейкай і беларускай мовах.

  • «Альтернативное образование Беларуси»

Яшчэ адзін праект ад мадэратараў праэкта «Садружнасці», але з больш шырокай тэматыкай. Там — разнастайныя курсы, гурткі, парады і абмеркаванні вострых пытанняў.

Першае правіла «Альтернативного образования»: «Пропаганда школьного обучения не допускается».

  • Беларускамоўныя набажэнствы

Да якой канфесіі вы б ні належалі, варта прыглядзецца да беларускамоўных набажэнстваў. Нават калі вас не цікавіць сама служба, то можна знайсці сяброў сярод чальцоў абшчыны і ўключыцца ў іх актыўнасці.

  • Беларускамоўныя дзіцячыя садкі і школы 

Ва ўмовах Беларусі, на жаль, часцей бывае так, што спачатку трэба знайсці аднадумцаў, а ўжо потым ствараць беларускі клас ці групу ў садку. Таму некаторыя бацькі яднаюцца ў суполкі, каб забяспечыць сваім дзецям якасную адукацыю і асяроддзе. 

«Часцей за ўсё зацікаўленыя дарослыя пераводзяць дзяцей на індывідуальны план навучання і некалькі разоў на тыдзень адвозяць школьнікаў на адмысловыя заняткі. Такія ініцыятывы існуюць пры хрысціянскіх абшчынах, таксама бацькі звяртаюцца да прыватных настаўнікаў-рэпетытараў, якія выкладаюць прадметы невялікаму калектыву», – пішуць «сойкі». 

Дзе шукаць

Варта праглядаць адмысловыя суполкі ў сацыяльных сетках, бо даволі часта там можна сустрэць аб’явы аб адукацыйных кааперацыях.

Падрабязны спіс (ён надта вялікі) лепей падглядзець ў «Сойкі». Там — інфармацыя як па беларускай адукацыйнай прасторы, так і па замежжу (Польша, Літва, Грузія, Украіна, Латвія, Эстонія). 

Спойлер: мяркуючы па колькасці квітнеючых за мяжой ініцыятыў, выхаваць беларуса беларусам ў нейкай Польшы зараз лягчэй, чым у Беларусі. Але спадзяемся, што гэта часова.

Будзьце «сойкай»

«Пішыце нам, прапаноўвайце, выпраўляйце і дапаўняйце. Інфармуйце сяброў і блізкіх, калі нашыя тэксты аказаліся карыснымі. Пашырайце і нясіце ў дзюбе, раздаючы пранізлівы крык па ўсім лесе».

Фота: tut.by

Ранее

Илон Маск высказался об Украине, чем вызвал скандал

Далее

Новости регионов: дом в крови и снос старинного винокуренного завода

Читайте далее