Пакуль дзяржава ўсё больш адмаўляецца ад беларускай мовы, садзіць за краты тых, хто размаўляе на ёй, беларусы папулярызуюць беларускую мову з дапамогай разнастайных сродкаў, напрыклад, петыцый і зваротаў. Распавядаем, як далучыцца.

Беларусы просяць дадаць беларускую мову ў Instagram. Аўтар петыцыі Алесь Пінчук звяртае ўвагу на немагчымасць карыстацца аплікацыяй на роднай мове, што дыскрымінуе беларусаў па моўнай прыкмеце.  

«Даданне беларускай мовы было бы выключнай падпорай для дэмакратычна-скіраванай часткі грамадства Беларусі. Ініцыятар петыцыі і шэраг ахвотнікаў гатовыя дапамагчы ў перакладзе, калі дадуць нам такую магчымасць. Такім парадкам, калі ласка, дадайце беларускую мову ў аплікацыю Instagram, каб беларускія карыстальнікі заўсёды заставаліся з вамі праз беларускай мовы!», – пішуць аўтары звароту.

Аўтар заклікае падпісваць ды шэрыць петыцыю.  Спасылка тут.

Зварот да вытворцаў аб з’яўленні этыкетак на беларускай мове

Беларускія актывісты Ігар Случак і Аліна Нагорная дамагліся з’яўлення этыкетак на беларускай мове на напоях Pepsi і Coca Cola. І заклікаюць іншых далучыцца да беларусіфікацыі прадукцыі. Калі вы таксама хочаце бачыць беларускую мову на таварах, дасылайце звароты вытворцам. Для гэтага вам спатрэбіцца раздрукаваць зварот і выслаць яго да вытворцаў.

«Толькі калі беларуская мова будзе на такіх базавых рэчах, як рэклама, тавары, дакументы, афішы, сайты, толькі тады да самых адсталых «саўкоў» дойдзе, што беларуская мова — сродак камунікацыі і падыходзіць для любой сферы», – каментуюць моўныя актывісты.

Прыклад звароту

Назва ўстановы, куды падаецца зварот

Адрас

Вашае Імя Прозвішча Імя па-бацьку

Ваш адрас

«У Беларусі ў адпаведнасці з Канстытуцыяй дзве дзяржаўныя мовы — беларуская і руская. Разам з тым упакоўка і этыкетка вашай прадукцыі ўтрымлівае толькі адну дзяржаўную мову — рускую, іншыя замежныя мовы, але не ўтрымлівае інфармацыі на першай дзяржаўнай (у адпаведнасці з напісаннем з арт. 17 Канстытуцыі) беларускай мове.

Гэта пазбаўляе магчымасці беларусаў, для якіх беларуская мова з’яўляецца роднай і якія выкарыстоўваюць яе у сваім паўсядзённым ужытку, атрымліваць інфармацыю аб тавары на дзяржаўнай мове, якой яны карыстаюцца. Такім чынам дадзеная катэгорыя грамадзян Беларусі дыскрымінуецца па моўнай прыкмеце, а арт. 17 Канстытуцыі — парушаецца.

Прапаную разгледзіць магчымасць прымянення недыскрымінацыйнай практыкі ў дачыненні да мовы афармлення вашых тавараў.

Aнтыдыскрымінацыйныя захады будуць мець у выніку падвышэнне да вас спажывецкай лаяльнасці, што прынясе дадатковыя прыбыткі, у тым ліку і рэпутацыйныя.

Звяртаю ўвагу, што распрацоўка і выраб новай этыкеткі або ўпакоўкі не патрабуе істотных выдаткаў і не падвышае кошт прадукцыі. Гэта адзначае і гендырэктар “Лідскага піва” Аўдрыус Мікшыс:  “У нас аддрукаваная этыкетка захоўваецца на складзе максімум некалькі месяцаў, затым мы друкуем новую. Дадаць беларускую мову не складана. Гэта тым больш нічога не каштуе, у параўнанні з павагай да роднай мовы”.

Варта адзначыць, што пасля аналагічнага звароту да КВУП “Мазырскія малочныя прадукты”, дадзенае прадпрыемства за менш чым 2 месяцы з моманту звароту распрацавала для 15 найменняў сваёй прадукцыі новую этыкетку, на якую была дададзена інфармацыя на беларускай мове.

Распрацоўка і вытворчасць новай этыкеткі не пацягнула ў прадпрыемства дадатковых выдаткаў, а кошт прадукцыі не павысіўся.

Неабходнасць новай, двухмоўнай, этыкеткі КВУП “Мазырскія малочныя прадукты”, сярод іншага, растлумачыла палажэннямі артыкуламі 19 і 26 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах: “Кожны чалавек мае права шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю”, “Кожнай асобе гарантуецца роўная і эфектыўная абарона ад дыскрымінацыі, ў тым ліку карыстання моваю” (адказ ад 20.08.2020 №1219).

Варта памятаць, што паводле Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі СТБ 1100-2016 “Харчовая прадукцыя. Інфармацыя для спажыўца. Агульныя патрабаванні”, не абавязковыя для выкарыстання. Таксама паводле Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, не абавязковыя для выкарыстання і ТР МС 022/2011 “Харчовая прадукцыя ў частцы яе маркіроўкі”. Такім чынам, “могуць прымяняцца этыкеткі з інфармацыяй для спажыўца толькі на беларускай мове”.

Трэба адзначыць, напрыклад, што прадукцыя СТАА “Інгман марозіва” лінейкі “Белы Полюс” фасуецца ў пакункі, надпісы на якіх зроблены толькі на беларускай мове. Разам з тым, на пакунку ёсць пазнака ЕАС — прадукцыя пастаўляецца за межы Беларусі.

На падставе адзначанага,

ПРАШУ:

1. Зрабіць на этыкетцы або ўпакоўцы вашай прадукцыі версію абавязковай і іншай інфармацыі для спажыўцоў на беларускай мове,

або на беларускай і рускай мове адначасова.

2. У адпаведнасці з законам “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” прашу даць адказ па сутнасці звароту ў вызначаны законам тэрмін».

Ранее

Беларусское инфернальное: первая NFT-галерея Беларуси открылась «пачварамі і ведзьмамі»

Далее

Тихановская предложила Зеленскому построить альянс

Читайте далее