Гэта Марыля, ёй 20 гадоў, яна ненавідзіць рэжым і марыць аб рэйве на руінах Палаца Незалежнасці. А яшчэ Марыля – прадстаўніца беларускамоўнай моладзі, якая ўсяляк імкнецца падтрымліваць культуру нашай краіны. І ў гэтым матэрыяле яна распавядзе вам, як пачаць размаўляць па-беларуску, адчуваць сябе паўнавартасным грамадзянінам і не даць дыктатуры задушыць беларускую самаідэнтычнасць.
Як ты пачала размаўляць на беларускай мове? Як і чаму гэта здарылася?
Гэта адбылося ў першы дзень першага навучальнага года ва ўніверсітэце. Ідэя мне з’явілася загадзя крышку. Паўгода я дакладна думала аб тым, як і ў якіх абставінах я магу гэта зрабіць. Неяк уяўляла сябе ў розных сітуацыях. І тут я зразумела, што пачынаю новае жыццё з новымі людзьмі, якія мяне яшчэ не ведаюць, і гэта камфортная атмасфера для таго, каб пачаць размаўляць. Няма гэтага няёмкага адчування, калі людзі ўсё жыццё чулі ад цябе расейскую, а потым ты змяняеш мову. Але былі такія людзі, якія мяне ведалі дагэтуль, і яны не вельмі здзівіліся. Проста добра паставіліся. Але былі тыя, хто не верыў, што я размаўляю на беларускай увесь час. Яны пыталіся ў маіх суседак у інтэрнаце, ці таксама я дома размаўляю на мове.
Ты кажаш, што думала пра пераход на беларускую паўгода. Чаму ты пра гэта задумалася і як яно да цябе даходзіла?
Ёсць нейкая відавочнасць сітуацыі. Мы жывем у Беларусі. Наша мова стагоддзямі была пад прэсінгам Расейскай Імперыі. Потым савецкага саюзу і зараз рэжыму Лукашэнкі. Калі асэнсоўваеш гэтую трагічную сітуацыю, разумееш: лепшае, што ты можаш зрабіць, гэта пачаць размаўляць. Было такое адчуванне, нібыта мяне абрабавалі. Я размаўляю расейскаю, але разумею, што гэта не мая мова цалкам. Я не ў Расеі нарадзілася. І тут асэнсоўваеш, што мова – скарб. Ні польская, ні расейская, ні ўкраінская. Яна асобная, адзіная. Чаму ты не размаўляеш? Неяк так дзіўна. І калі пачынаеш размаўляць беларускай, як бы выконваеш вось гэтую відавочнасць.
Ёсць жа такая відавочнасць: у Беларусі размаўляць па-беларуску. І ты так:»ну не, гэта складана». Ну ёпрст… А калі размаўляеш, і чалавек з плюсікам. Я адчувала сябе больш завершанай, больш сабой. Бо перш за ўсё гэта асабістае жаданне і разуменне: я не супакоюся, пакуль не пачну размаўляць.
То бок, гэта пра беларускую паўнавартаснасць? Як, напрыклад, украінцы, якія любяць сваю мову і размаўляюць на ёй?
Так, мне ад гэтага таксама класна. Я разумею, што ў любы час, у любым месцы я магу размаўляць савей мовай. Калі я буду на вуліцы ў другой краіне і пачую сваю мову, я буду разумець, што побач беларусы. Ці магу размаўляць у нейкім інтэрнацыянальным асяроддзі, і ўсім сваім існаваннем паказваць, хто я есць. І мне не трэба ўвесь час удакладняць: «Я расейскамоўная, але я з Беларусі». Не, усё адразу зразумела.
Ты пачынаеш размаўляць па-беларуску, людзі пытаюцца ў тваіх суседак: «Рэальна ці што?». Як увогуле на твой пераход рэагавалі людзі? Якія цяжкасці былі?
Цяжкасці былі, але я не скажу, што гэта была дыскрымінацыя, ці нейкая непавага. Але з пэўнымі людзьмі выбудоўваецца нейкая сцяна. Чамусьці я гэта адчуваю як няёмкасць. Ведаеш, калі ты размаўляеш з чалавекам, ты як бы падсвядома адчуваеш тое, што і ён. Калі ён стомлены, ты адчуваеш. Я размаўляю з чалавекам, і разумею, што мне таксама няёмка. Пачынаю словы асэнсоўваць. Думаць, якое слова лепш казаць. І я зразумела, што людзям нібыта крышку сорамна за тое, што яны не могуць таксама адказаць мне на беларускай. Ці яны могуць, але не ўпэўненыя ў сваіх ведах і ім некамфортна гэта рабіць. Гэта не супер прыемна. Ёсць вуаль такога адчування.
Гэта значыць людзям самім некамфортна ад таго, што яны не гавораць на сваёй роднай мове?
Так.
Як думаеш, з чым гэта злучана? Мова для беларусаў, атрымліваецца, як лакмусавая паперка.
Цікавае пытанне, таму што ў кожнага ёсць разуменне таго, што гэта важна. Жыццёва важна. І калі ты бачыш чалавека фейс ту фейс, і ён размаўляе на беларускай, а ты ўчора думаў: «ух, чаму мы не ўжываем беларускую мову, яна такая класная», і тут чалавек, які размаўляе! І ў цябе ёсць жаданне, але досведу няма. Ты можа прачытаеш або напішаш, але няма жывой гаворкі. Таму, думаю, людзям сорамна.
А ў цябе былі такія эмоцыі, калі ты размаўляла на рускай з беларускамоўнымі людзьмі?
Ва ўніверсітэце на курсе ёсць хлопчык, якога выхоўвалі беларускай. Я некалькі разоў з ім камунікавала, і ў мяне не было дыскамфорту. Было пачуццё цікавасці: якія ён словы ўжывае, напрыклад. Мабыць гэта адчуванне сораму, калі разумееш, што ты можаш. Калі будзеш дзейнічаць, калі будзеш прысвячаць свой час, кніжкі чытаць, фільмы глядзець. Гэта складана, некамфортна, мова робіць цябе крышку іншым у нашых абставінах. А паводле чалавечай прыроды быць іншым – такое сабе. І шмат людзей планавалі, але не пераходзілі. Ну і ладна, мабыць пазней. А потым ты бачыш чалавека, які ўсё гэта практыкуе. Ён шчаслівы, упэўнены, усё ў яго класна. І вось ад гэтага сорам – я мог, але не змог.
Як думаеш, дыскамфорт неяк звязаны з тым, што беларуская мова можа асацыявацца з вясковай?
У Менску і Горадні з гэтым лепей, але Магілёў і ўсюды, дзе бліжэй да Расеі – складаней.
Тут два бакі сітуацыі. Першы – усе мы пачыналі з вёскі. Мы не ў горадзе пачалі сваё існаванне. Гэта вялікі пласт культуры. Я асабіста вельмі ўсё гэта люблю: фестывалі, вясковыя традыцыі і святы. Або я і не жадаю называць мову высакароднай, таму што гэта значыць, што другія мовы дрэнныя, а гэта не так. Беларуская ж выкарыстоўвалася ў дзяржаўных дакументах ВКЛ. Якая яна вясковая з таго часу?
Другі бок – вясковасці не варта саромецца. Гэта крута, блін! Мне вельмі падабаецца разумець, што беларуская культура шмат у чым пра яднанне з прыродай, пра паганскія традыцыі, пра рытуалы. Не ў горадзе людзі на Купалу над агнём скакалі.
Напрыклад, я нядаўна пісала тэкст для аднаго праекта пра літоўскія фолк-фестывалі і фатаграфію. І літоўская фатаграфія ўвогуле ўся пра вёску. Гэта асноўны наратыў. Ёсць мастакі, якія гэтага падтрымліваюцца. Ёсць тыя, якія іранізуюць над ёй. Але яно ёсць. Гэта вытокі самі па сабе. Нам не трэба штосьці шукаць. У нас усё ёсць.
У нас ёсць свая паўнавартасная культура, і нам не трэба нічога шукаць. Стромкая думка. Але зараз здаецца, што беларусы ў пэўным сэнсе падмяты народ з заплюшчанымі вачыма. Так?
Есць такое штосьці. І я б вясковасць звязала з савецкім саюзам. Таму што тая ідэалогія маніфеставала думку пра веліч народу, вялікія будынкі, праспекты, горад сонца… І людзі імкнуліся ў горад. Беларусаў прымусілі думаць аб тым, што тое, што ўжо ёсць – нявартае ўвагі, і нам трэба імкнуцца да чагосьці новага. Ўчора чытала артыкул пра тое, як разбуралі Менск. І вось у падручніках нам пішуць, што там немцы ўсё зруйнавалі, разбамбілі, і прыйшлося цалкам будаваць новы горад. Але гэта няпраўда. Менск быў зруйнаваны толькі на 50 адсоткаў, і той выгляд горада, які мы ведаем зараз, вынік рэканструкцый пасля вайны. Будынкі, якія раней былі цэлыя, якія можна было адрамантаваць, зносілі. Вуліцамі зносілі, кварталамі, каб пабудаваць праспект Незалежнасці. І была цікавая цытата аднаго з архітэктараў, які будаваў Менск. Ён казаў: «думаць, што будынкі ў Менску, якія засталіся, варта пакідаць толькі таму, што яны прастаялі пару соцень гадоў, гэта глупства». Гэта савецкая інерцыя пра тое, што ўсё старажытнае – дрэнна. Давайце рабіць новае і не шанаваць старое тыпу вёскі. Так прасцей будаваць такую дыктатарскую дзяржаву, як СССР ці Беларусь падчас Лукашэнкі – калі людзі не бачаць сваёй спадчыны, калі не ведаюць, хто яны.
Цяпер жа таксама прыгнятаюць беларускую культуру. Ці можа беларуская зараз асацыявацца з фашысцкімі каштоўнасцямі?
Увогуле беларускі нацыянальны сцяг у сучасных падручніках гісторыі Беларусі аказваецца сцягам калабарацыяністаў. Бо фіг вы, дзеткі, будзеце свядомымі. Сядзіце ціхенька. Гэта ўсё вельмі падобная ідэя – і нацысты ўкраінскія, і беларускія. Усе, хто хоча жыць нармальна – фашысты. У нейкага кола людзей дакладна асацыюецца, так. Гэта тыя ж людзі, якія вераць у спецаперацыю. І выправіць злачынства рэжымаў цяжка. Здаецца час ад часу, што немагчыма. Таму што з такімі людзьмі гутарыць цяжка.
І як тады ў краіне захаваць беларускую мову?
Дзякуй богу, што ў нас ёсць літары, кнігі, мы можам у мэсэнджары пісаць камусьці, можам пасты ў інстаграме пісаць беларускай, тык-токі здымаць. Я разумею, што гэта робіць усё даволі складаным, але мова – штука жывучая. Яна перажыла Расейскую імперыю, СССР, час лукашызму. Калі кнігі спальвалі, людзей збівалі, звальнялі і дасылалі ў Сібір і Казахстан за тое, што яны пісалі беларускай. І калі ты пішаш або гаворыш беларускай, ты ўжо ідэю ў масы нясеш. Мова сама па сабе – знак і зброя.
Самая важна штука наконт беларускай мовы, якую я хачу сказаць – нягледзячы на выхаванне расейскай, навучанне ў школе расейскай ды іншыя чыннікі, беларуская мова ў нас унутры, была заўсёды і будзе. Бо па-расейску нават беларусы размаўляюць з выразным акцэнтам, нават у сталіцы. Я маю на ўвазе словы тыпу «шуфлядка» і «жменя», а таксама і вымаўленне, рытм, інтанацыю. Размаўляць беларускай гэта як дранікі гатаваць – прабабуля, бабуля, мама гатавалі, і я буду, вядома. Карацей, усім, хто пачынае ці хоча пачаць ужываць беларускую, вось што скажу – у вас ужо ўсё ёсць для таго, каб размаўляць. Няхай вашае пачынанне адчуваецца як вяртанне да роднага, дадому. І ўсё будзе.
А чаму гэта важна ўвогуле?
Таму што нам гэтую краіну будаваць. Таму што краіна з такой гісторыяй, як наша, можа пайсці па шляху поспехаў, бяспекі, цывілізаванасці толькі праз нацыянальную свядомасць. Гэта наш шлях да нармальнага жыцця. Калі чалавек не ведае хто ён і чаго ён варты, якое ў яго мінулае і якой будучыні ён хоча, ён абірае Лукашэнку, ён пагаджаецца жыць у жудасных умовах, лічыць, што руйнаваць гістарычныя будынкі – норм. Ну і забываецца на мову. А мы маленькая дзяржава, якая мяжуе з Расеяй. І нас часта спрабавалі прымусіць да чагосьці. А ты не можаш стаяць супраць. Проста не ведаеш навошта. Не ведаеш, куды ты хочаш прыйсці.
Уяві, што ўсё сканчаецца, рэжымы падаюць, і цяпер будучыня ў руках такіх людзей, як ты. Як ты бачыш Беларусь пасля перамогі?
Гэта Беларусь у складзе Еўразвязу, таму што гэта значыць бяспека. Гэта краіна, якая развівае інтэлектуальны рэсурс і атрымлівае з яго бенефіты. У нас няма шмат нафты, але ёсць разумныя людзі. Гэта дзяржава, якая шануе і развівае нацыянальную культуру. Гэта адзіная дзяржаўная мова, шматлікія арганізацыі і фонды, музеі, галерэі, музей беларускай салідарнасці, Акрэсціна як музей лукашысцкіх рэпрэсій і рэйв на зруйнаваным палацы Незалежнасці.