Sojka працягвае сваю місію па пераадоленні страху і няўпэўненасці ў беларусах. Гэтым разам праэкт дзеліцца слоўнікам, які рызыкуе стаць часткай падручніка па гісторыі Новай Беларусі.
Гэта зборнік імёнаў і гісторый вядомых беларусак — ад Марыны Адамович да Крысціны Шыянок.
«Беларусачка, як аказалася, не толькі чыясьці “дарагая сяброўка” (цытуючы вядомую песню), але і цалкам сабе асобны, незалежны, паўнавартасны суб’ект. У 2020-м многія з актыўных і цікавых жанчынаў сталі яшчэ больш яскравымі, выказаўшы сваю палітычную пазіцыю і выйшаўшы на першыя ролі ў вялікім пратэсце супраць несправядлівасці, гвалту ды цемрашальства», – пішуць «сойкі».
Нагадаем, «Сойка» — праэкт, названы імем птушкі-партызана, якая «селіцца ў лясах, лётае, амаль не датыкаючыся да зямлі, пераносіць інфармацыю ад галіны да галіны, хітрая і дзёрзкая, часам бясстрашная, першая абвяшчае пра небяспеку і прысутнасць чужынца». Каб дапамагчы беларусам не адчайвацца і пачаць дзейнічаць у межах сваіх магчымасцяў, «сойкі» cтвараюць тэксты, гіды, спецпраэкты пра дапамогу, узаемадзеянне, абмен досведам і бязмежную любоў да Беларусі. Бо на фінішы ў нас — Новая Беларусь.
Вось тут зараз можно «пагартаць» слоўнік вядомых беларусак — журналістак, мастачак, праваахоўніц, філосафак, актывістак ды іншых.
«Без сумневаў, цудоўных беларускіх жанчын нашмат больш, але мы выбралі тых, за дзейнасцю і справамі якіх варта сачыць зараз жа», – папярэджвае «Сойка»
Амаль палова гэтага слоўніка зараз знаходзіцца за кратамі ў цяжкіх умовах ды інфармацыйнай ізаляцыі. Тым не менш тут няма катэгорый «вольныя»/«зняволеныя» — «сойкі» вераць, што нікому не пад сілу зламаць вольны дух беларускіх жанчынаў і яны выйдуць з-за кратаў раней, чым мы можам марыць.
«Верым таксама, што многія з гэтых прозвішчаў (калі не ўсе) увойдуць у падручнік па найноўшай гісторыі Беларусі, які раздадуць у школах нашым дзецям і ўнукам».
Вам могуць спатрэбіцца:
- Сайт праэкта.
- Facebook.
- Instagram.
- Twitter.
Фото: tut.by / Ольга Шукайло