Свет у агні, але жыцце працягваецца — нават у беларусаў і нават у Беларусі. Расказваем, дзе зараз шукаць крутыя мерапрыемствы ў нас і ў іншых месцах, дзе нас шмат.
У гэта цяжка паверыць, але прыкольныя мерапрыемствы працягваюць мець месца нават у беларускім канцлагеры (і паўсюль, дзе мы ёсць). Пра ўсё, куды варта схадзіць беларусам, ведаюць «сойкі» і ў «Будзьме». Там проста вырашылі «не чакаць лепшых часоў, а ўжо зараз збіраць у адно ўсе культурныя, сацыяльна важныя і забаўляльна неабходныя беларускія падзеі», – у Беларусі і ў тых краінах, дзе нас шмат.
Афіша ад Sojka
Нагадаем, «Сойка» — праэкт, названы імем птушкі-партызана, якая «селіцца ў лясах, лётае, амаль не датыкаючыся да зямлі, пераносіць інфармацыю ад галіны да галіны, хітрая і дзёрзкая, часам бясстрашная, першая абвяшчае пра небяспеку і прысутнасць чужынца». Каб дапамагчы беларусам не адчайвацца і пачаць дзейнічаць у межах сваіх магчымасцяў, «сойкі» cтвараюць тэксты, гіды, спецпраэкты пра дапамогу, узаемадзеянне, абмен досведам і бязмежную любоў да Беларусі. Бо на фінішы ў нас — Новая Беларусь.
Гэтым разам «Сойка» запусціла новы сэрвіс для пошуку мерапрыемстваў. Першая афіша — пра лістапад. «Сойкі» сабралі iвэнты з Менску, Віцебску, Вільні, Варшавы, Гданьску (і іншых месцаў Польшы), Тбілісі і Батумі.
Вось, напрыклад, ці вы ведалі пра Блюзавую сераду ў Менску? Гэта праэкт ад Minsk All Stars Rock Band — кожную сераду лістапада ў 20.30 на вуліцы Берсана, 14 адбываюцца бескаштоўныя (але варта захапіць з сабой капейчыну на піва і закускі ў пабе) блюзавыя джэм-сэйшаны.
Іншыя лістападныя тусоўкі (амаль на кожны дзень) ад «Сойкі» — тут.
Таксама «сойкі» просяць пісаць ім на [email protected] і дадаваць ўласныя падзеі — то бок разам рабіць так, каб на беларускіх імпрэзах было як мага больш наведнікаў.
Бот ад «Будзьмы»
А вось яшчэ адна крутая ініцыятыва: «Будзьма беларусамі» запусцілі тэлеграм-бот «Будзьма разам!» (дарэчы, стварыла бот «Будзьма разам!» распрацоўшчыца чат-ботаў Кацярына Бусел). Ён таксама дапаможа вам незалежна ад месца даведацца пра цікавыя беларускія мерапрыемствы ў сваім горадзе, краіне і нават па ўсім свеце.
Усе проста і зручна: падпісвайцеся, атрымліваеце паведамленні пра беларускія падзеі самага рознага кшталту (культурніцкія, асветніцкія, праваабарончыя, антываенныя), выбіраеце свой горад (або ўсю краіну), падпісваецеся асобна на ўсе анлайн-мерапрыемствы ці выбірайце варыянт all inclusive — усе беларускія падзеі свету (анлайн таксама лічыцца). А пасля — сочыце за беларускім дзвіжам і далучаецеся.
«Канцэрты і выставы, спектаклі і фестывалі, вечарыны і прэзентацыі, лекцыі і семінары, акцыі салідарнасці — усё, што ладзяць беларусы ў розных краінах свету, будзе акумуляваць наш бот», – пішуць стваральнікі.
На сёння ў боце знойдзеце абвесткі пра падзеі ў Беларусі, Польшчы, Літве, Латвіі, Германіі, Грузіі, Вялікабрытаніі, Чэхіі, ЗША.
Стваральнікі ініцыятывы таксама плануюць пашырыць бот, каб ён стаў карысным як мага большай колькасці беларусаў/ак і ўключаў як мага болей краін і гарадоў.
«Наша каманда працавала над ботам доўгі час, але ён, як і любы новы прадукт, можа мець памылкі і багі. Будзем удзячныя за любыя канструктыўныя заўвагі і прапановы. Гэта дапаможа нам зрабіць бот больш дасканалым і зручным для карыстальнікаў».
Фото: вечер на Площади Перемен / onliner.by