За паўтары гады ў Вільні склалася ўражанне, што любая выстава беларусаў тут павінна быць палітызаванай. Альбо пра палітыку. Альбо пра тое, што забрала палітыка. Альбо пра яе наступствы. Карацей, усюды палітыка. Нават апісання выстаў часам перастаеш чытаць. Карацей, гэта мая асабістая зломаная прызма ўспрымання свету. Ну, ці палітыка праўда ва ўсім. З такімі думкамі я і пайшоў на выставу «Я хачу дадому» у Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча.

Заходзіш у беларускі культурны цэнтр у дворыку барнай вуліцы (ну сапраўды ж павінна быць нешта палітычнае), бачыш графіці з дыджэямі Плошчы Пераменаў (ну), бчб-сцяг (ай). Адчыняеш дзверы, падымаешся па лесвіцы — яшчэ адзін бчб. Канцэнтрат!

Выстава «Я хачу дадому» у Вільні. Фота: Антон Туркоў

Бачыш людзей — чуеш беларускую. Бачыш пакой з фотаздымкамі — ідзеш туды. Дзяўчына праводзіць Instagram-эфір — гэта Ана Мацкевіч, куратарка і ўдзельніца выставы. Распавядае пра фатаграфіі Менска. Яшчэ і захоплена так. Люблю такіх людзей, але стала няёмка.

Я ж нават апісанне не пачытаў — Менск і Менск, я з Магілёва наогул. У сталіцы быў разоў 6-8 ад сілы. Мой максімум ведаў — «Брама Менска», «Пясочніца», «Зыба», «Палац мастацтваў» і шаўрмечная на Нямізе. Тыповы боль чалавека з рэгіёну — усе вакол кажуць пра Менск, і ты такі: «ну так, ну так, пайшоў я…». Але я ўжо прывык, таму рыхтаваўся ўбачыць нейкія знаёмыя сюжэты. Але «абламаўся», не атрымалася. Са знаёмага знайшоў толькі Менскую браму. У астатнім — нічога знаёмага воку. Нават запанікаваў.

Бачу панадворкі, дахі, птушак, якія падобныя на камароў.

— Як у жаночых калоніях у Беларусі, – падумаў я, канчаткова пераканаўшыся ў палітызацыі свайго мозгу.

Перамыкаюся на панэлькі, аркі, людзей. Я б паказаў такія ж месцы ў Вільні — зусім ужо «алітовіўся». Толькі тут беларускі стылёк фотаздымкаў, а не літоўскі. Адрозніць іх як два пальцы аб асфальт. Таму ў галаве было перманентнае адчуванне таго, што гэта Беларусь

З-за таго, што я не пабачыў заезджаных месцаў, я падумаў, што зусім не «выкупіў» выставу. Тут фоткі — там беларусы ў эміграцыі на экране праектара сумуюць па радзіме. Занадта проста неяк.

Але потым здарыўся small talk з куратаркай. Я адразу прызнаўся, што я па-Менску не мясцовы — магілёвец. Спытаў пра ідэю. І раптам зразумеў, што гэта «занадта проста» — геніяльнае.

Ана растлумачыла мне, што сэнс быў у тым, каб паказаць жыццё да 2020 года, калі ў нас яшчэ не было гэтых жудасных навін, настрояў, станаў, злачынстваў і далей па спісе.

— Простае, простае жыццё да 20-га. Яно ж рэальна такім было, – падумаў я.

Куратарка і ўдзельніца выставы Ана Мацкевіч

А месцы лакальныя, як мне патлумачылі, выбралі для таго, каб яшчэ больш паказаць прастату. Цяпер мне яны здаюцца асабістымі для кожнага фатографа. Сакральнымі. Ні сцягоў, ні пратэсту, ні вусатага, ні вайны, ні раставання з блізкімі, ні «сутак» — усё добра. І я не «дадому» хачу. Я хачу «у туды». А там ужо няма дома. Такім (правільным) яго трэба будзе зрабіць потым, калі вернемся. І палітыкі тут усё яшчэ няма. Свядомасць пераскочыла праз яе.

— Будзе так жа спакойна, як да 2020, і нават спакайней. І круцей, і культурней, і больш усвядомлена. Проста з вопытам. Хоць і цяжкім, – я спрабаваў запомніць думкі, каб потым напісаць іх сюды

—  Дырэчы, бачыла цябе ў «Імагуру», хацела сказаць, што ў цябе вельмі класны лук! – вырвала мяне Ана з маіх думак. А я хвіліну таму думаў пра тое, што яна выглядае як вельмі стылёвы беларускі хіпстар.

— Ты таксама крута выглядаеш! Мне твае калготкі вельмі падабаюцца і як ты колеры спалучаеш! – адказаў я.

— Гэта легінсы. У Польшчы ў склепе (крама) купіла, танна зусім, тры пары ўзяла. – сказала яна і паказала, што яны заканчваюцца пад шкарпэткамі.

Дыялогі пра вопратку здаліся мне па-добраму простымі. Ана класная. Выстава цяпер здавалася крутой (як ружовыя легінсы Анi). І сэнсу ў фотаздымках я зараз бачыў у дзесяць разоў больш.

Дарэчы, працаваць выстава будзе да 15 чэрвеня. Таму за прастатой да 2020 года можаце прыйсці сюды. Калі вам спадабаецца нешта з прац, то іх можна купіць у выглядзе паштовак ці нават кнігі. Тут Ана перадала асобнае дзякуй «байпрасвету» – гэта яны дапамаглі раздрукаваць фатаграфіі, каб вы змаглі забраць часцінку «настальгічнага i простага» сабе дадому.

Ранее

В России задержали серийного насильника, который орудовал в Беларуси 27 лет назад

Далее

Если задержать не за что, могут не пустить в страну: на границе снова проверки

Читайте далее