Кацярына Ваданосава — беларуская спявачка, паэтка, музыка, тэлевядучая i, як яна сама сябе называе — «змагарка са стажам». У 2021 годзе з-за пагрозы палітычнага пераследу яна з сям’ёй з’ехала з Беларусі і асталявалася ва Украіне, адкуль таксама давялося ўцякаць з-за вайны. Сёння Кацярына жыве ў Беластоку і вядзе сатырычнае шоу «Хай так-TV».

«Маланка» запускае серыю матэрыялаў, у якой вядомыя беларусы і беларускі рэфлексуюць на актуальныя тэмы, абмяркоўваюць тое, што адбываецца ў свеце і Беларусі.

Кацярына Ваданосава: «Тыдзень ці два таму (я, шчыра кажучы, згубілася ў часе) мне паставілі дыягназ — рак. Калі 10 месяцаў таму з’язджала з Беларусi, у мяне былі сімптомы — наваўтварэннi ў грудзях, але рака яшчэ не было. Ніхто з дактароў трывогу не біў.

Шчыра кажучы, у мяне не было часу біць трывогу і ўпадаць у паніку. Напэўна, калі б я была дома ў камфорце, у асяроддзі блізкіх і сяброў, і даведалася аб дыягназе, можа быць, мне было б цяжэй. Таму што гэта акунула б мяне ў варонку з галавой, а так… Я жыву на эміграцыі ўжо другі год, і ў прынцыпе мы ўсе зараз жывем з такім настроем: «А што далей? А можа быць яшчэ горш?» Аказваецца, можа. Сёння планаваць нешта немагчыма. Калі мы выязджалі з Беларусі, можна было планаваць нешта хаця б на тыдзень наперад, а зараз і такой раскошы не маем. Мяне не столькі напалохаў дыягназ, колькі думкі аб будучыні. Чаго яшчэ чакаць, я не ведаю. А ў той момант не было часу на рэфлексію, мяне адразу павялі па дактарах, запаўняць нейкія анкеты/паперкі, выдалі мне спецыялізаваную літаратуру, якую я павінна прачытаць, але яшчэ не прачытала. На гаркату не было ні часу, ні жадання.

Пра дыягназ я перш за ўсё расказала мужу, маме, лепшаму сябру, самым блізкім і родным. Усе ўспрынялі мае навіны вельмі лагічна: мама ўспрыняла як мама, яна вельмі спалохалася; муж — стаічна, мая свякроў перажыла рак, таму ён ведае ўсё, можна сказаць, з першых рук — што рабіць, як сябе паводзіць. Не было такога, каб ён гладзіў мяне па галаве і крычаў: «Усё будзе нармальна!» Але я адчула яго падтрымку — ён мяне спрабуе разгрузіць, дзяцей у школу і са школы водзіць.

Складаней казаць аб такім дзецям, але не ў нашым выпадку. Мае дзеці загартаваны падзеямі апошніх двух гадоў і настолькі ўпэўнены ўва мне, што ў іх не ўзнікае нават думкі, што мама нешта не можа ці не ўмее. Спачатку я сказала дачцэ, ёй 11 гадоў, яна старэйшая. Спачатку яна сумелася, падумала хвілін пяць, а потым пайшла займацца сваімі справамі. У яе ў галаве не ўкладваецца, што са мной можа нешта здарыцца. З сынам было весялей: калі кансіліум лекараў прызначаў мне план лячэння, мне прыйшлося ўзяць з сабой у лякарню дзяцей. Мы сядзелі ў калідоры і чакалі, калі мяне паклічуць. Там якраз быў такі вялікі экран, на якім чамусьці паказвалі кадры з аперацыяў: як там нешта выразаюць і выдаляюць. Мой сын на гэта глядзеў-глядзеў, потым убачыў каталкі з бабулькамі непрытомнымi, і ў яго закраліся нейкія падазрэнні. Ён спытаў, што мы тут робім. Я сказала, што ў мяне рак і мне трэба палячыцца. Ён падумаў і сказаў, што не хацеў бы, каб я памірала. Я адказала, што мне таксама гэтага не хацелася б, і запэўніла яго, што неўзабаве гэта не здарыцца. Ён супакоіўся. 

Я здзейсніла камінг-аўт і расказала аб сваім дыягназе ў сацсетках. Не разумею, чаго тут баяцца. Хвароба — гэта не тое, што Божачка пасылае нам у якасці кары. Мы усё ж не ў сярэднявеччы жывем, хоць часам так і здаецца. Але не настолькі ж. Я не разумею, чаму мы павінны перажываць усе нашыя ўнутраныя сумневы і страхі ў адзіноце, баяцца і саромецца іх. Магчыма, тыя, хто хавае свой дыягназ, баяцца, што іх будуць шкадаваць, а можа, што іх будуць успрымаць нейкімі «не такімі». Або што іх будуць сароміць за хваробу: «У цябе рак грудзей, сама вінаватая!»

Я сваё цела ўспрымаю як інструмент: жанчына, якая чатыры гады карміла сабой сваіх дзяцей, ужо мала чаго можа саромецца. Гэта першая прычына, чаму я не маўчу — я не адчуваю віны за сваю хваробу. І другая прычына — мне так лягчэй. Псіхалагічна лягчэй. Мы столькі ўсяго носім унутры — болі, страху, што я б проста звар’яцела, калі б мне прыйшлося перажываць гэта ўсё ў адзіночку. 

Не магу сказаць, што мае родныя падтрымлівалі гэты крок. Яны заўсёды баяцца, што я нешта не так скажу, а нехта выкарыстоўвае гэта ў сваіх мэтах. Але вось я кажу і, калі сапраўды, падтрымкі атрымліваю значна больш, чым негатыву. Для мяне гэта як сеанс псіхатэрапіі.

З тысяч слоў падтрымкі я заўважыла толькі два негатыўныя каментары – і тыя ад ботаў. Але, можа быць, хутка які-небудзь Азаронак напіша: «Кара Гасподняя нагнала Ваданосаву!» Але я з гэтага толькі пасмяюся і парадуюся.

Я жыву ў тым жа рытме, што і жыла, нават горш. Не паспяваю ні халеры. Графік стаў больш насычаным — хачу шмат чаго паспець, мінімум да аперацыі, максімум — да канца жыцця. Я не магу сабе дазволіць сядзець і займацца самакапаннем. І гэта, напэўна, найлепшае выйсце для мяне. Я не хачу быць слабай, шкадаваць сябе. Баліць і баліць. Суцяшаю сябе, што пасля аперацыі яшчэ крыху пабаліць і перастане, што рэабілітацыя будзе нармальна праходзіць. Болю я не баюся. І трэба пазначыць, што ў мяне ўсё ж першая стадыя. Таму я ўспрымаю ўсё даволі аптымістычна — як новы вопыт.

Наперадзе аперацыя па выдаленні грудзi — замест яе зараз будзе iмплант. А потым перыяд рэабілітацыі.

Вынікі аперацыі пакажуць, якое далейшае лячэнне мне неабходна. Калі мой арганізм будзе адэкватна рэагаваць на гарманальную тэрапію, магчыма, мне не спатрэбіцца хімія-і радыётэрапіі.

Пасля таго, як мы з’ехалі з Украіны і перасеклі мяжу з Польшчай, я падалася на міжнародную ахову. Ужо некалькі месяцаў знаходжуся ў чаканні разгляду маёй справы. У мяне няма пашпарта, замест яго мне выдалі зялёную паперку, якая часова замяняе яго. Калі я зразумела, што цягнуць ужо больш нельга, пайшла з гэтай зялёнай паперкай у цэнтр бежанцаў, дзе мне адразу выпісалі накіраванне ў цэнтр анкалогіі. Цяпер я пад аховай польскай дзяржавы, таму мяне лечаць як польскую грамадзянку.

Медабслугоўванне ў Польшчы і Беларусі — гэта неба і зямля. У Беларусі мы не хадзілі па дактарах, бо баяліся нарвацца на хамства, скандалы, бюракратыю, дзе любую паперку ​​трэба вырываць з боем. Тут усё аператыўна, па справе, я ўражана чалавечым стаўленнем дактароў да пацыентаў. Напрыклад, табе робяць спектральную мамаграфію (даволі непрыемная працэдура), а з табой у гэты час побач медсястра, якая трымае цябе за руку і загаворвае зубы, расказваючы анекдоты на польскай мове. Падчас біяпсіі са мной, акрамя лекара і медсястры, была яшчэ адна лекарка, якая сачыла за працэсам і за тым, каб мне было камфортна, увесь час прыгаворваючы, што засталося зусім ледзь-ледзь пацярпець. А раніцай патэлефанавала доктарка і сказала, што ў іх вызвалілася акенца, таму пані Кацярына можа хутчэй легчы на ​​аперацыю. А ў нас людзі чакаюць аперацыяў па некалькі месяцаў. Часам гэтага часу ў хворых проста няма.

За гэты час мне напісалі і сказалі вельмі шмат слоў — ад жалю да падтрымкі. Дарэчы, у жалю я не бачу нічога дрэннага. Але самым натхняльным аказаліся сотні слоў падтрымкі ад украінцаў. Наша праграма «Хай так-TV» таксама транслюецца ва Украіне, таму я адчула проста шквал падтрымкі ад украінцаў. Гэта неверагодна. Людзі жывуць ва ўмовах вайны, але знаходзяць час, каб табе напісаць, і напісаць не нейкія кепскія рэчы, а словы падтрымкі і падзякі.

Я не магу даваць парады нікому: у кожнага свой лёс і свой шлях. У мяне ёсць план, і ён не заключаецца ў тым, каб рэфлексаваць і замоўчваць гэтую праблему для сябе. Я проста спрабую вырашыць усё максімальна аператыўна і з мінімальнымі выдаткамі для сваёй псіхікі. У кожнага свой рэцэпт нармальнага існавання. Камусьці спатрэбіцца псіхолаг, мне, напрыклад, не. Калі мне агучылі дыягназ, адразу ж выпісалі накіраванне да псіхолага, які займаецца з хворымі на анкалогію. Але я не бачу ў ім патрэбы для сябе. Таму і раздаваць парады не вырашуся».

Ранее

Молоко в полиэтилене, чек на почту, а лекарства без упаковки: удастся ли устранить дефицит?

Далее

Импортозамещение: возможность или обременение?

Читайте далее