Тое, што здараецца аднойчы, можа не забывацца ніколі. Самыя актуальныя прыклады: вайна, смерць блізкіх і асабліва катаванні. Гэта было з табой, ты адчуваў, ты не хацеў і зараз павінен з гэтым жыць. Гэта фотапраект пра гісторыі людзей, якія перажылі катаванні ў Беларусі падчас пратэстаў (2020-2022). Але самае галоўнае — гісторыі тых, хто не зламаўся і працягвае рабіць усё для таго, каб Беларусь стала свабоднай.

История пыток Дениса Лазовского. Фотопроект в рамках недели пыток

Палітвязня Дзяніса Лазоўскага затрымлівалі двойчы: у жніўні 2020 года і ў жніўні 2021-га. Цяпер ён адбывае пакаранне на хіміі ў Круглым за тое, што выходзіў на акцыі пратэсту.

«Вяртаўся я дадому з мітынгу 10 жніўня 2020 года. Ужо каля дома пад’язджае аўтобус: вылятаюць людзі ў балаклавах і затрымліваюць мяне. Адключылі парай ўдараў. У РАУС я ляжаў на жываце, рукі ў кайданках за спіной, галава разбітая, пад галавой невялікая лужа крыві. Калі памянялася змена, нас усіх прымушалі ўстаць да сцяны на калені, ілбом у падлогу, рукі за спіной у кайданках. Да мяне пару разоў падышлі, у тым ліку супрацоўніца Карына, пыталася, чаму не станаўлюся на калені. Я казаў, што не хачу. На эмоцыях я пачаў крычаць: «Ды дастань ствол і страляй мне ў галаву!» Яна паглядзела на мяне, махнула рукой і пайшла. Увогуле, у РАУС збівалі нас нармальна так. Калі нас перавозілі ў Жодзіна, АМАП пералічваў нас па галовах дубінкай: “Раз, два, тры… семнаццаць, васемнаццаць…”

Праз год 17 жніўня 2021 года мяне зноў затрымалі — каля пад’езда, калі выходзіў на працу. І зноў збіццё: па дарозе ў ГУБАЗ білі далонямі па галаве і па шыі, задаючы пытанні, якія тычыліся маіх палітычных поглядаў. Затым на відэа прыйшлося сказаць, што ўдзельнічаў у масавых беспарадках, але я разумеў, што ні ў якіх пагромах і падпалах я не ўдзельнічаў.

Далей мяне кінулі на Акрэсціна, а пасля — у СІЗА да суда, дзе я атрымаў тры гады “хіміі”. Тое, што я патраплю ў такія месцы і стану палітвязням, ніколі ў жыцці не меркаваў…»

Фотопроект о пытках в Беларуси. Маланка Медиа, 2022 год

Былы арыштант — пра катаванні ў ГУБАЗіКУ ўвосень 2021 года. Каб зноў не трапіць за краты, мужчына вымушаны быў пакінуць краіну.

«Я рэзка тузануў ручку дзвярэй і наваліўся ўсім целам. На жаль, дзверы былі заблакаваныя. План уцёкаў не спрацаваў. Гэтым я выклікаў яшчэ большы гнеў, і той, што сядзеў побач, прыняўся «працаваць» яшчэ старанна. Перыядычна я рабіў выгляд, што “адʼязджаю”, губляючы прытомнасць, разумеў, што трэба цягнуць час. Я заставаўся ў свядомасці ўвесь час, але выйграныя нават 10-20 секунд без удараў — гэта ўжо штосьці.

У ГУБАЗіКу мяне паставілі на расцяжку да сцяны тварам, ногі былі максімальна шырока расстаўленыя. Увесь час хтосьці з іх біў па ступнях, каб ногі не зводзіліся ў звыклы стан. Ззаду атрымаў яшчэ некалькі ўдараў у галаву і па нырках. Хтосьці схапіў мяне за кашулю і кінуў на падлогу. Пасля былі ўдары нагамі па ўсім целе, галаву як мог закрываў і таму прымаў шматлікія ўдары на рукі. Потым хтосьці з іх узяў палку і прыняўся лупіць па целе: ногі, спіна, азадак, рукі. Вакол усе рагаталі, а той, што біў, паўтараў: «Жыццё — гэта боль, жыццё — гэта боль. А як ты хацеў?» Я крычаў ад болю. Так было лягчэй яго пераносіць. Але нікога не прасіў спыніцца і наогул ні пра што не прасіў. Найглыбокая пагарда да іх была і тады, і цяпер».

Я адчуў, як хтосьці з іх тузануў на маёй шыі ланцужок з крыжыкам і парваў яго — крыжык адляцеў у бок на падлогу. Кісці рук дрыжалі ад напружання, але я здолеў дацягнуцца да крыжыка і заціснуў у далоні правай рукі, паверх закрыўшы левай. І паралельна паўтараў: “Крыж вярніце. Вярніце мой крыж”. Ён прамовіў даслоўна: “Табе ён не спатрэбіцца. Ты ў храме, а мы самі нясем святло”. У гэта імгненне я падумаў, што знаходжуся ў нейкім дзёўбаным залюстроўі, што гэта ўсё суцэльны сюр. Але на жаль. Гэта было наяве».

Как пытают беларусов после протестов 2020 года

З вечара трэцяга лістапада 2021 года дзесяць жанчын у двухмеснай камеры №15 на Акрэсціна пачалі галадаць у знак пратэсту з нечалавечымі ўмовамі ўтрымання. У жанчын забралі ўсю верхнюю вопратку і цёплыя рэчы, не давалі туалетную паперу і мыла. Таму арыштанткі абвясцілі галадоўку. Адна з арыштантак распавядае, чым скончылася гэтая галадоўка.

«Калі мы ўпершыню адмовіліся ад вячэры, раздатчыца ежы сказала, што галадаць мы можам толькі калі напішам заяву. Мы пасмяяліся: нам няма чым і не было на чым пісаць. Ужо на наступную раніцу адміністрацыя ЦІПа рэзка адрэагавала на наш пратэст: у камеру залілі два вядры хлоркі, на падлогу кінулі рэчы. Раствор хлоркі быў даволі моцны, «кармушку» зачынілі, дыхаць было складана…

Калі на волю сышлі тыя, хто быў цвёрда настроены галадаць, працягваць галадоўку ўдвох-утрох сэнсу не мела. І як пацверджанне таго, што трэба ісці да канца: лепш не стала, а стала горш. Нам не вярнулі ні асабістых рэчаў, ні скрадзеных сродкаў гігіены і лекаў. Нам не выдалі ні паперы, ні мыла. Не вярнулі і вядро, у якім мы разводзілі хлорку і паласкалі палавыя анучы. Нас усё гэтак жа працягвалі будзіць па начах. У суботу нам зноў залілі хлорку ў камеру. “кармушку” перасталі адкрываць наогул. Калі раней можна было “дыхаць” падчас прыёмаў ежы, то цяпер, мабыць, вырашылі, што мы можам і не дыхаць.

Калі дзяўчынкі папрасілі даць вядро для мыцця падлогі, яны на ранішнім шмоне проста высыпалі смецце з смеццевага вядра нам на падлогу (брудная туалетная папера, брудныя пракладкі, рэшткі ежы) і сказалі — вось вам вядро.

Дарэчы, па выходных у нашай камеры заўсёды быў як мінімум адзін дадатковы шмон. Імкнуцца выбіраць час, калі хтосьці мыецца або ў прыбіральні. Гэта ў іх гульня такая. Жарт. Смешна».

«Кошт свабоды»: фотопроект о пытках в Беларуси

28 лютага 2022 года ў Беларусі былі анансаваныя антываенныя акцыі пратэсту. У прызначаны час каля мінскага вакзалу сабралася шмат тэхнікі, а сілавікі затрымлівалі людзей, якія скандавалі «Не вайне!». Агулам у той дзень было затрымана больш за 70 чалавек. Сярод іх была і дзяўчына, якая выпадкова стала відавочцай хапуна і вырашыла зняць затрыманні на відэа.

«У маёй двухмясцовай камеры было 17 чалавек, ведаю, што ў некаторых жаночых камерах было па 11-14 на розную колькасць ложкаў. У хлопцаў было 35 чалавек на пяцімясцовую і забіралі цёплыя рэчы. Наша камера была без ракавіны, з прусакамі і макрыцамі. З-за перанасялення была духата. Час ад часу ўначы прачыналіся ад таго, што не хапае паветра, кармушкі не адкрывалі.

Кармілі раз на содні, ад тых, каго забралі 27 лютага, я даведалася, што іх накармілі толькі раніцай 1 сакавіка. Тых, каго перавозілі на Жодзіна, увогуле не кармілі. Незалежна ад таго, калі яны паедуць. Маглі перавезці ўвечары, а чалавек, па іх логіцы, не павінен есці цэлы дзень. Аднак рахункі павыстаўлялі ўсім за трохразовае харчаванне. Ну і па класіцы: без матрацаў і бялізны. Хлорку не лілі. За тры дні разбудзілі толькі адзін раз у тры гадзіны ночы на пералік.

«Апроч усяго, у нас здарыўся канфлікт з сумнавядомым супрацоўнікам Акрэсціна — Яўгенам Урублеўскім. Таму што мы папрасілі туалетную паперу і адкрыць кармушку. У адказ пачулі “За что боролись, на то и напоролись” і лаянку. Пачаўся канфлікт паміж намі і ім. У выніку адну жанчыну адцягнуць я яшчэ паспела, бо зразумела, хто ён такі. А другую Урублеўскі вывеў на калідор і ўдарыў галавой аб сцяну.

А так мы адзін аднаго падтрымлівалі, абдымалі і супакойвалі».

Иллюстрация пыток в Беларуси в рамках «недели пыток». 2022 год

21-гадовага грамадзяніна Расіі Ягора Дуднікава затрымалі 4 траўня 2021 года за тое, што ён агучваў ролікі для тэлеграм-канала «Отряды гражданской самообороны». Ягору неаднаразова абяцалі дэпартацыю замест рэальнага тэрміну за супрацу са следствам, але ў выніку асудзілі на 11 гадоў узмоцненага рэжыму. На днях стала вядома, што Ягора пераводзяць на тры гады ў турму.

«Мяне затрымалі жорстка. Паспець уцячы не было сіл. Іх было шмат — я адзін. Я адразу зразумеў “што да чаго”: працаваў ГУБАЗ, не шкадуючы рук, — білі нагамі і рукамі пры затрыманні. Крычалі: “Мярзота, дабегаўся?” У мяне ўсё ў вачах пацямнела… Наступствамі затрымання сталі сінякі і расколаты зуб. Мне сказалі, што я заклікаў людзей да гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Пасля затрымання мяне павялі дадому, там быў ператрус. Завялі ў здымную кватэру, дзед, у якога я здымаў яе, спаў. Мяне два разы ўдарылі нагой у грудзі і пасля гэтага завялі панятых. Пачаўся ператрус. Канфіскавалі маю апаратуру, два тэлефоны, тры асабістых дзённіка, дакументы, карту і 60 беларускіх рублёў. Потым надзелі мех на галаву і павялі. Я быў у паніцы, мяне падванітоўвала, але пры гэтым істэрыкі не было. Калі “шманалі”, пасадзілі на калені, сказалі маўчаць. Але я зрэдку гаварыў з дзедам і паглядаў на котку Аэліту. Я разумеў, што магчыма яе больш не ўбачу, і развітваўся з ёй. Пасля ператрусу ізноў мех на галаву — і павялі да аўтамабілю.

У машыне закінулі на задняе сядзенне, рукі былі пастаянна ў кайданках. Сказалі, што паедуць закопваць мяне. “Саджаць бульбу”, – так пажартаваў адзін з іх. Казалі, каб я сказаў тое, што ім трэба на камеру, і тады, магчыма, мяне дэпартуюць дадому. Мяне білі, бо я віну не прызнаваў. Білі жорстка. Праўда, праз ужо амаль месяц сінякоў зусім не засталося».

Фота: Антон Турков

Ранее

Новости регионов: аукцион на часть Брестской крепости и проблемы ЖКХ в Гродно

Далее

«Мочитесь под себя»: августовские будни Фрунзенского РОВД

Читайте далее